старэйшага сына на вольную вакансію; і, як мне паведамілі, ён адзеў сёння форменную вопратку. Здаецца, нумар яе сына, — сказаў містэр Домбі, звяртаючыся да сястры і гаворачы аб хлопчыку так, нібы той быў наёмнай карэтай, — сто сорак сёмы. Луіза, вы можаце паведаміць ей.
— Сто сорак сёмы, — сказала місіс Чык. — Форменная яго вопратка, Рычардс, — гэта прыгожы цёплы сіні фланелевы фрак і шапка з аранжавым кантам, чырвоныя шарсцяныя панчохі і вельмі моцныя скураныя штонікі. Ужо адну гэтую частку туалета можна насіць з удзячнасцю, дадала з энтузіязмам місіс Чык.
— Ну, вось, Рычардс! — сказала міс Токс. — Цяпер вам ёсць чым ганарыцца. Літасцівыя Тачыльшчыкі!
— Я вельмі дзякую, сэр, — ціха адказвала Рычардс, — і вы вельмі добрыя, што ўспомнілі пра маіх дзетак.
Пры гэтым вобраз Байлера ў касцюме Літасцівага Тачыльшчыка з маленькімі яго ножкамі, абцягнутымі моцнымі штонікамі, пра якія гаварыла місіс Чык, паўстаў перад вачыма Рычардс і прымусіў яе праслязіцца.
— Я вельмі рада, што вы такая адчувальная, Рычардс, — сказала міс Токс.
— Сапраўды, пачынаеш спадзявацца, — сказала місіс Чык, якая ганарылася сваімі даверлівымі адносінамі да прыроды чалавечай, — што ёсць яшчэ на свеце іскра ўдзячнасці і належнай адчувальнасці.
Рычардс адазвалася на гэтыя кампліменты, прысядаючы і мармычучы словы ўдзячнасці; але бачачы, што ёй не аправіцца ад таго перапалоху, у які яе прывёў вобраз сына ў неадпаведных яго ўзросту штанах, яна непрыкметна адступіла да дзвярэй і адчула вялікую палёгку, вышмыгнуўшы ў іх.
Тыя мімалётныя паказчыкі частковай адлігі, якія з’явіліся разам з ёю, з ёю і зніклі; і мароз зноў запанаваў, такі-ж жорсткі і люты, як і раней. Было чуваць, як у канцы стала містэр Чык двойчы пачынаў напяваць арыю, але абодва разы гэта быў жалобны марш з «Саула»[1]. Здавалася, што кампанія рабілася ўсё халаднейшай і халаднейшай і паступова пераходзіла ў замарожаны і цвёрды стан, як закуска, вакол якой яна сабралася. Нарэшце, місіс Чык зірнула на міс Токс, а міс Токс адказала ёй позіркам, і абедзве ўсталі і заўважылі, што час ісці. 3 той прычыны, што містэр Домбі прыняў гэтую заяву зусім абыякава, яны развіталіся з гэтым джэнтльменам і неўзабаве адбылі пад аховай містэра Чыка, які, як толькі яны павярнуліся спіной к дому і пакінулі яго гаспадара ў прывычнай адзіноце, засунуў рукі ў кішэні, адкінуўся на спінку сядзення і ўсю дарогу насвістваў «Хей хо чыві!», выказваючы пры гэтым усёй сваёй фізіяноміяй такую сумную і грозную пагарду, што місіс Чык
- ↑ Араторыя (муз. твор кампазітара Гендэля (1685—1759).