Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што, мая любая? — сказала місіс Чык.

— Цяжар, звязаны з нашым становішчам у грамадстве, можа… я не памятаю даслоўнага выразу.

— Патрабаваць ад яго, — сказала місіс Чык.

— Даруйце, дарагая мая, — запярэчыла міс Токс, — здаецца, не так. Гэта было больш закруглена і плаўна. Добрая прыхільнасць сваякоў і сяброў у прыватным жыцці і цяжар, звязаны са становішчам у грамадстве… могуць… ускласці на яго?

— Ускласці на яго, зусім правільна, — сказала місіс Чык.

Міс Токс з урачыстасцю лёгенька пляснула ў далікатныя далоні і, закаціўшы вочы, дадала:

— Якое красамоўства!

Тым часам містэр Домбі загадаў, каб паклікалі Рычардс, якая і ўвайшла, прысядаючы, але без дзіцяці: Поль спаў пасля ўтомнай раніцы. Перадаўшы шклянку віна гэтаму васалу[1], містэр Домбі звярнуўся да яе з наступнымі словамі (міс Токс загадзя схіліла галаву на плячо і зрабіла сякія-такія падрыхтаванні, каб замацаваць гэтыя словы ў сэрцы сваім):

— На працягу шасці месяцаў, Рычардс, якія вы правялі ў гэтым доме, вы выконвалі свой абавязак. Жадаючы аказаць вам з гэтай прычыны якую-небудзь маленькую паслугу, я думаў аб тым, як ажыццявіць найлепшым чынам гэты намер, а таксама раіўся з маёй сястрою, місіс…

— Чык, — уставіў джентльмен, якому належала гэтае прозвішча.

— О, калі ласка, цішэй! — сказала міс Токс.

— Я хацеў сказаць вам, Рычардс, — прадаўжаў містэр Домбі, грозна зірнуўшы на містэра Джона, — што маё рашэнне падсказана ўспамінамі аб размове, якую я меў з вашым мужам у гэтым пакоі, калі вы былі наняты і калі ён расказаў мне сумны факт, што ваша сям’я, на чале з ім самім, глыбока пагрузла ў невуцтве.

Рычардс схілілася перад пышнасцю папроку.

— Я зусім не маю схільнасці, — прадаўжаў містэр Домбі, — да таго, што людзі, схіленыя да сцірання розніцы, называюць усеагульным навучаннем. Але неабходна вучыць ніжэйшыя класы, каб яны ведалі сваё становішча і трымаліся адпаведна. Пастолькі я адабраю школы. Маючы права вылучыць кандыдата на стыпендыю ў старадаўняй установе, названай (у гонар пачэснага грамадства) Літасцівымі Тачыльшчыкамі[2], дзе вучні атрымліваюць не толькі добрадзейную адукацыю, але дзе ім даецца таксама вопратка і значок, я (папярэдне звязаўшыся праз місіс Чык з вашай сям’ёй) вылучыў кандыдатуру вашага


  1. Васал — у эпоху феадалізма — дваранін, які атрымаў у спадчыннае карыстанне землі ад уласніка зямлі (сюзерэна) і абавязан выконваць розныя павіннасці і служыць сюзерэну.
  2. Літасцівыя Тачыльшчыкі — англійскае добрачыннае таварыства, заіснаванае яшчэ ў XVIII ст.; яно аказвала нязначную дапамогу дзецям прытулкаў.

49