Дома яны знайшлі містэра Піта, які з пагардай паглядаў на халодную закуску, што красавалася ў халодным багацці хрусталя і срэбра і была падобнай больш да нябожчыка, выстаўленага для аддання яму ўшаны, чым на гасцінны пачастунак.
Міс Токс падарыла хрышчэнніку кубак, а містэр Чык нож, відэлец і лыжку ў футляры. Містэр Домбі, у сваю чаргу, падарыў браслет міс Токс, і пры атрыманні гэтага сувеніра міс Токс была глыбока расчулена.
— Містэр Джон, — сказаў містэр Домбі, — будзьце ласкавы заняць месца ў тым канцы стала. Што у вас там, містэр Джон?
— У мяне халодная цялячая нага, сэр, — адазваўся містэр Чык, старанна расціраючы адубелыя рукі. — А што ў вас, сэр?
— Мне здаецца, — адказаў містэр Домбі, — у мяне халодная цялячая галава, затым халодная птушка… вянгліна… піражкі… салата… омары. Міс Токс зробіць мне ласку і вып’е віна? Шампанскага, міс Токс.
Усё пагражала боллю зубоў. Віно аказалася такім нястрымна халодным, што ў міс Токс вырваўся ціхі піск, які яна з вялікай цяжкасцю ператварыла ў «гм». Цяляціну прынеслі з такой ледзяной каморы, што першы-ж кавалак выклікаў у містэра Чыка адчуванне, нібы ў яго ледзянеюць рукі і ногі.
Адзін толькі містэр Домбі аставаўся спакойным. Яго можна было-б вывесіць для продажу на рускім кірмашы, як узор замарожанага джэнтльмена.
Абстаноўка прыгнятала нават яго сястру. Яна не спрабавала ліслівіць або балбатаць і сканцэнтроўвала ўсе свае намаганні на тым, каб мець такі выгляд, нібы ёй цёпла.
— Ну, сэр, — сказаў містэр Чык, робячы адважную спробу парушыць доўгае маўчанне і напаўняючы шклянку херэсам, — гэту шклянку, з вашага дазволу, сэр, я вып’ю за здароўе маленькага Поля.
— Ды благаславіць яго бог! — прашаптала міс Токс, выпіўшы глыток віна.
— Мілы маленькі Домбі! — прашаптала місіс Чык.
— Містэр Джон, — з жорсткай важнасцю сказаў містэр Домбі, — не сумняваюся, што мой сын адчуў-бы і выказаў вам падзяку, калі-б мог ацаніць гонар, які вы яму аказалі. Спадзяюся, з часам ён будзе несці любую адказнасць, якую добрая прыхільнасць яго сваякоў і сяброў у прыватным жыцці і цяжар, звязаны з нашым становішчам у грамадстве, могуць ускласці на яго.
Тон, якім гэта было выказана, не выклікаў поваду да далейшай размовы, і містэра Чыка зноў ахапіла туга і маўчанне. Інакшая была справа з міс Токс, якая, выслухаўшы містэра Домбі з яшчэ больш напружанай увагай, чым звычайна, і яшчэ больш выразна схіліўшы галаву на плячо, перагнулася пасля цераз стол і ціха сказала місіс Чык:
— Луіза!