Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/512

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ненавіжу. Маці ў мяне скупая і бедная: яна прадасць усякія весткі, якія ёй удасца атрымаць, прадасць весткі аб чым хочаце і аб кім хочаце за грошы. Бадай, вам варта што-небудзь ёй заплаціць, калі яна дапаможа даведацца пра тое, пра што вы хочаце ведаць. Але я стаўлю перад сабою іншую мэту. Я вам сказала, якая ў мяне мэта, і гэтага для мяне дастаткова, і я не адступлюся ад яе, хоць-бы вы спрачаліся і таргаваліся з маёй маткай з-за шасці пенсаў. Я сказала ўсё. Больш нічога не сарвецца з майго языка, нават калі вы будзеце чакаць тут да рання.

Старая паціхеньку тузянула містэра Домбі за рукаў і шапянула, каб ён не звяртаў на яе ўвагі. Са змучаным выглядам ён паглядзеў на іх абодвух па чарзе і сказаў больш глуха, чым было яму ўласціва:

— Прадаўжайце. Што-ж вы ведаеце?

— О, навошта так спяшаецца, ваша міласць! Мы павінны каго-небудзь пачакаць, — адазвалася старая. — Гэтыя весткі мы павінны атрымаць ад іншай асобы… Выкруціць і вырваць іх у яго.

— Што вы хочаце сказаць? — запытаўся містэр Домбі.

— Цярплівасць! — пракаркала яна, кладучы яму на плячо руку, падобную да лапы з кіпцюрамі. — Цярплівасць! Я да гэтага дабяруся. Ведаю, што дабяруся! Калі ён захоча ўтаіць гэта ад мяне, — сказала Добрая місіс Браун, скручваючы ўсе дзесяць пальцаў, — я ўсё з яго вырву!

Містэр Домбі сачыў за ёй, калі яна зачыкільгала да дзвярэй і паглядзела на вуліцу; пасля позірк яго скіраваўся да яе дачкі, але тая аставалася халоднай, маўклівай і не звяртала на яго ніякай увагі.

— Жанчына, вы мне хочаце сказаць, што яшчэ хтосьці павінен сюды прысці? — запытаўся ён, калі згорбленая місіс Браун вярнулася, ківаючы галавой і мармычучы сабе штосьці пад нос.

— Так, — сказала старая, заглядаючы яму ў твар.

— У яго вы маеце намер выпытаць патрэбныя мне весткі?

— Правільна, — сказала старая, ківаючы галавой.

— Я яго ведаю?

— Якое гэта мае значэнне? — запыталася старая, заліваючыся прарэзлівым смехам. — Ваша міласць яго ведае. Але ён не павінен вас бачыць. Ён спалохаецца і не будзе гаварыць. Вы будзеце стаяць вось за гэтымі дзвярыма і можаце самі меркаваць аб ім. Мы не патрабуем, каб вы нам верылі на слова. Як! Ваша міласць ставіцца падазрона да пакоя, куды вядуць гэтыя дзверы? О, якія недаверлівыя гэтыя багатыя джэнтльмены! Ну, што-ж, загляніце туды.

Містэр Домбі заглянуў, пераканаўся, што гэта пусты мізэрны пакой, і жэстам загадаў ёй паставіць свечку на ранейшае месца.

— Хутка прыдзе гэты чалавек? — запытаўся ён.

— Хутка! — адказала яна. — Ці не хоча ваша міласць прысесці на некалькі хвілін.

508