Кажучы гэтыя, словы, якія чулліва напаміналі аб тым, што яе не запрасілі на званы абед, місіс Чык карыстаецца паслугамі насавой хустачкі і кідаецца на шыю містэру Домбі. Але містэр Домбі холадна адводзіць яе рукі і садзіць яе на крэсла.
— Дзякую вам, Луіза, — кажа ён, — за такі доказ вашай прыхільнасці, але хачу, каб у нашай гутарцы мы закраналі іншыя прадметы. Калі я буду аплакваць свой лёс, Луіза, або скажу аб тым, што мне патрэбна ўцяшэнне, вы можаце прапанаваць мне яго, калі вам гэтага захочацца.
— Дарагі мой Поль, — адказвае яго сястра, закрываючы твар насавой хустачкай і ківаючы галавою, — мне вядома ваша сіла духу, і больш я ні слова не скажу адносна гэтай падзеі, такой цяжкой і абураючай. — Гэтыя два прыметнікі місіс Чык гаворыць з уедлівым абурэннем. — Але дазвольце ў вас запытацца, — хоць я баюся пачуць нешта такое, што мяне ўсхвалюе і расстроіць, — запытацца аб гэтым злашчасным дзіцяці, аб Фларэнс.
— Луіза, — сурова кажа яе брат, — змоўкніце! Ні слова аб гэтым!
Місіс Чык астаецца толькі ківаць галавою, карыстацца паслугамі насавой хустачкі і аплакваць вырадзіўшыхся Домбі, якія перасталі быць Домбі. Але ці вінавата Фларэнс у тым, што ўцякла Эдзіт, ці пайшла яна за ёй, ці прымала яна які-небудзь удзел ва ўцёках ці не прымала — аб гэтым місіс Чык абсалютна нічога не ведае.
Ён ідзе няўхільна сваім шляхам, захоўваючы ў сваіх грудзях усе думкі і пачуцці і не гаворачы пра іх ні з кім. Ён зусім не спрабуе знайсці сваю дачку. Магчыма, ён думае, што яна жыве ў яго сястры, або пад яго ўласным дахам. Можа ён думае аб ёй заўсёды, а можа ніколі аб ёй не думае. Любая думка правільная, калі меркаваць па яго выгляду. Але ясна адно: ён не думае, што страціў яе. Ісціны ён не падазрае. Надта доўга жыў ён на вышынях ганарлівасці і бачыў недзе ўнізе яе, ціхманае, цярплівае стварэнне, каб палохацца гэтага. Як ні ўзрушаны ён бясчэсцем, што звалілася на яго, аднак, яно не кінула яго на зямлю. Хоць ён захоўвае свой унутраны свет ад знешняга свету, які, на яго думку, імкнецца цяпер да адной толькі мэты, а іменна — упарта сачыць за ім, куды-б ён ні ішоў, ён не можа захаваць барацьбу, што адбываецца ў гэтым унутраным свеце, бо аб ёй сведчаць яго запалыя вочы і шчокі, пакрыты маршчынамі лоб і пануры задуменны выгляд. Астаючыся па-ранейшаму бестурботным, ён тым не менш змяніўся; і, астаючыся па-ранейшаму ганарыстым, ён зняважаны — інакш не было-б гэтых знакаў.
Свецкае грамадства. Што думае аб ім свецкае грамадства, як глядзіць яно на яго, што бачыць яно ў ім і што гаворыць — вось дэман, што гоніцца за ім з гэтымі думкамі. Дзе ён — там і містэр Домбі; мала таго, дэман нават там, дзе яго няма. Гэта не здань, створаная яго ўяўленнем. Яна ўздзейнічае на