Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Фларэнс, дзіця маë! — жвава сказала цётка. — Чаго вы чакаеце, любачка? Пакажыцеся яму. Забаўце яго, дарагая мая!

Тэмпература панізілася або магла яшчэ больш панізіцца, калі містэр Домбі холадна паглядаў на сваю маленькую дачку, якая, пляскаючы ў далоні і падняўшыся на цыпках перад тронам яго сына і наследніка, спакушала яго саступіць з вышыні велічнасці і зірнуць на яе. Магчыма, пахвальныя намаганні Рычардс дапамагалі ўражанню; як-бы там ні было, але дзіця зірнула ўніз і супакоілася. Калі яго сястра хавалася за сваю няньку, ён сачыў за ëй вачыма, а калі яна з радасным крыкам выглянула з-за яе спіны, ён устрапянуўся і весела заваркатаў, нават засмяяўся, калі яна падбегла да яго, і, здавалася, разгладжваў ёй кудры сваімі малюсенькімі ручкамі, у той час як яна асыпала яго пацалункамі.

Ці прыемна было містэру Домбі бачыць гэта? Ён не выказаў ніякага задавальнення, астаючыся спакойным; але знешнія праявы якіх-бы там ні было пачуццяў былі яму неўласцівымі. Калі сонечны прамень і пракраўся ў пакой, каб асвятліць гуляючых дзяцей, ён не закранаў яго твара. Містэр Домбі пазіраў так напружана і холадна, што агеньчык пагас нават у смяшлівых вачах маленькай Фларэнс, калі яны выпадкова сустрэліся з яго позіркам.

Так, дзень быў хмурны, асенні, шэры, і ў наступіўшай цішыні сумна падала з дрэваў лісце.

— Містэр Джон, — сказаў містэр Домбі, зірнуўшы на гадзіннік і ўзяўшы капялюш і пальчаткі, — калі ласка, прапануйце руку маёй сястры; мая рука належыць сёння міс Токс. А вы ідзіце ўперад з містэрам Полем, Рычардс. Будзьце асцярожныя.

У карэце містэра Домбі — Домбі і Сын, міс Токс, місіс Чык, Рычардс і Фларэнс. У маленькім экіпажы, што следваў за карэтай, — С’юзен Ніпер і гаспадар экіпажа — містэр Чык.

Адзін раз па дарозе ў царкву містэр Домбі заляскаў у далоні, каб забавіць сына. Такой праявай бацькаўскага энтузіязма міс Токс была зачаравана. Але, за выключэннем гэтага інцыдэнта, адзіная розніца паміж людзьмі, якія накіроўваліся на хрысціны, і людзьмі ў траурнай карэце, заключалася ў колеры карэт і масці коней.

Ля ўваходу ў царкву іх сустрэў велічны бідль[1].

Рука міс Токс дрыжэла, калі яна прасунула яе пад руку містэра Домбі і адчула, што яе вядуць уверх па ступеньках, услед за трохкутным капелюшом і вялікім каўняром. На момант гэта напомніла ёй аб іншым урачыстым абрадзе: «Ці хочаш ты выйсці замуж за гэтага чалавека, Лукрэцыя?» — «Так, хачу».

— Цяпер тут вяселле, сэр, — сказаў бідль, — але гэта хутка скончыцца, і вы зойдзеце сюды, у рызніцу.

Перш чым павярнуцца і праводзіць іх, ён пакланіўся містэру Домбі і крыху ўсміхнуўся, даючы зразумець, што ён (бідль)


  1. Бідль — ніжэйшая службовая асоба ў царкоўнай парафіі, выконвае, між іншым, абавязкі царкоўнага вартаўніка.

46