Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дарагі мой Поль, — прамармытала місіс Чык, абдымаючы яго, — спадзяюся, гэта пачатак многіх шчаслівых дзён.

— Дзякую вам, Луіза, — хмура сказаў містэр Домбі, — як жывеце, містэр Джон?

— Як жывеце, сэр? — сказаў містэр Чык.

— Можа, Луіза, — сказаў містэр Домбі, злёгку паварочваючы галаву ў каўнерыку, нібы яна была на шарніры, — вы не супраць, каб запалілі ў каміне?

— О, не, дарагі мой Поль, — сказала місіс Чык, якая так старалася, каб не стукаць зубамі, — для мяне не патрэбна.

— Містэр Джон, — запытаўся містэр Домбі, — вы не адчувальныя да холаду?

Містэр Джон, які паспеў засунуць рукі ў кішэні па самае запясце і падрыхтаваўся зацягнуць той самы сабачы прыпеў, які аднойчы ўжо давёў місіс Чык да такога гневу, заявіў, што адчувае сябе вельмі добра.

Ён дадаў паціху: «З маёй там-пам-пам-ляля», калі быў, на шчасце, перапынены Таулінсонам, які далажыў:

— Міс Токс.

І ўвайшла чароўная спакусніца з сінім носам і невыказна замёрзлым тварам, бо ў гонар цырамоніі яна апранулася вельмі лёгка ў нейкія развяваючыяся шматкі.

— Як жывеце, міс Токс? — сказаў містэр Домбі.

Міс Токс у газе, які яе ахутваў, апусцілася якраз таксама, як тэатральны бінокль, калі яго ссоўваюць, яна прысела так нізка ў падзяку за тое, што містэр Домбі ступіў ёй насустрач.

— Я ніколі не забудуся гэтага дня, сэр, — пяшчотна праказала яна. — Забыцца немагчыма. Дарагая мая Луіза, я бадай ці магу паверыць сведчанню сваіх пачуццяў.

Калі-б міс Токс магла паверыць сведчанню аднаго з сваіх пачуццяў, яна павінна была-б прызнаць, што дзень вельмі халодны. Гэта было зусім ясна. Яна скарыстала першы зручны момант, каб аднавіць кровезварот у кончыку носа, і ўнезаметку сагравала яго насавой хустачкай, каб сваёй вельмі нізкай тэмпературай ён не выклікаў непрыемнага здзіўлення ў дзіцяці, калі яна падыйдзе яго пацалаваць.

Неўзабаве паявілася дзіця, прынесенае з вялікай помпай Рычардс; Фларэнс-жа, пад аховай свайго энергічнага маладога канстэбля[1] С’юзен Ніпер, увайшла апошняй. Хоць усё дзіцячае насельніцтва насіла к таму часу не такі глыбокі траур, аднак, выгляд асірацелых дзяцей не спрыяў праясненню надвор’я. Да таго-ж і дзіця — магчыма, віной быў нос Mic Токс — расплакалася. З прычыны гэтага містэр Чык устрымаўся ад ажыццяўлення не да месца вельмі пахвальнага намеру, які зводзіўся да таго, каб аддаць больш увагі Фларэнс, бо гэты джентльмен сапраўды любіў яе і не таіў, што любіць, і цяпер рыхтаваўся праявіць гэта па-свойму, калі Поль расплакаўся і жонка спыніла містэра Чыка.


  1. Канстэбль — паліцэйскі агент у Англіі.

45