Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але калі крыўдзяць ціхую, нявінную малютку, якая ніводнага кепскага слова не заслужыла, то гэта зусім іншая справа. Божа-ж мой, міс Флой, непаслухмяная, брыдкая вы дзяўчынка, калі вы ў гэтую-ж хвіліну не заплюшчыце вачэй, я паклічу чарцей, якія жывуць на гары, каб яны прышлі і з’елі вас жывую!

Тут міс Ніпер пачала страшна мычэць, нібы добрасумленны чорт, з пароды быкоў, які імкнуўся выканаць ускладзены на яго жорсткі абавязак. Пасля, дзеля далейшага супакаення сваёй юнай выхаванкі, яна накрыла яе галаву коўдрай і злосна хлопнула некалькі разоў па падушцы, пасля чаго злажыла крыжам рукі на грудзях, прыкусіла губы і прасядзела ўвесь вечар, пазіраючы на агонь.

Хоць аб маленькім Полі і гаварылася, на мове дзіцячага пакоя, што ён «вельмі шмат разумее для свайго ўзросту», але ён усё гэта разумеў так-жа мала, як і падрыхтаванні да сваіх хрысцін, якія прызначаны на паслязаўтра; аднак, вакол яго вельмі энергічна займаліся падрыхтаваннямі, якія датычылі яго ўласнага ўбрання, а таксама ўбрання яго сястры і абодвух нянек. І з надыходам знамянальнай раніцы ён, здавалася, зусім не адчуў яе значэння; наадварот, ён хацеў спаць, і ён быў надзвычай схільны крыўдзіцца на сваю світу, калі яго апраналі, каб вынесці на паветра.

Быў шэры, асенні дзень з рэзкім усходнім ветрам, дзень, які адпавядаў падзеям. Містэр Домбі ўвасабляў сабой вецер, змрок і восень хрысцін.

Чакаючы гасцей, ён стаяў у сваёй бібліятэцы, жорсткі і халодны, як само надвор’е; калі ён пазіраў з зашклёнага пакоя на дрэвы ў садзіку, іх бурае і жоўтае лісцë, дрыжучы, падала на зямлю, нібы ён прыносіў яму пагібель.

Уф! Гэта былі змрочныя, халодныя пакоі; і, здавалася, яны адзелі траур, як і жыхары дома. Кнігі, акуратна падабраныя па росту і выстраеныя ў рад, як салдаты ў халодных, цвёрдых, слізкіх мундзірах, мелі выгляд, нібы яны выказвалі адну і тую-ж думку, а іменна — думку аб замаражвальніку. Кніжная шафа, зашклёная і замкнутая на ключ, не дапускала ніякай фамільярнасці. Бронзавы містэр Піт на шафе, без ніякіх адзнак свайго боскага паходжання, вартаваў недаступны скарб, нібы зачараваны маўр. Пыльныя ўрны, што ўзвышаліся з абодвух бакоў шафы, выкапаныя са старадаўняй магілы, нібы расказвалі з двух кафедр аб разбурэнні і ўпадку; а люстра над камінам, паказваючы адначасова і містэра Домбі і яго партрэт, здавалася, перапоўнена была меланхалічнымі развагамі.

З усіх іншых рэчаў нягнуткія і халодныя камінныя шчыпцы і качарга нібы дамагаліся бліжэйшага сваяцтва з містэрам Домбі і з яго зашпіленым фракам, белым гальштукам, з цяжкім залатым ланцужком ад гадзінніка і ў скрыпучых чаравіках. Але гэта было да прыезду містэра і місіс Чык, законных сваякоў, якія неўзабаве з’явіліся.

44