бег да яе, зноў адскочыў, пачаў скакаць вакол яе, і Дыаген, задыхаючыся, але ўсё-такі заглушаючы вуліцу радасным брэхам, апынуўся ля яе ног.
— О, Ды! Любы, верны, адданы Ды! Як вы трапілі сюды? Як я магла пакінуць вас, Ды? Вы-ж мяне ніколі не пакідалі!
Фларэнс нагнулася і пяшчотна прыціснула да грудзей яго калматую старую дурную галаву, якая любіла; пасля яны разам падняліся і разам пайшлі далей. Нарэшце, паказаліся ў далечыні ўладанні маленькага Мічмана. Яшчэ некалькі крокаў — і паказаўся сам маленькі Мічман, які стаяў на сваім пасту і, як заўсёды, паглыблены ў назіранні. Яшчэ некалькі крокаў — і адчыненыя дзверы запрашалі яе ўвайсці. Набліжаючыся да канца свайго падарожжа, Фларэнс зноў паскорыла крокі, перабегла цераз дарогу (за ёй па пятах бег Дыаген, крыху збянтэжаны вулічнай мітуснёй), убегла ў дом і ўпала на парозе памятнай ёй маленькай гасцінай.
Капітан у глянцавітым капялюшы стаяў перад камінам і варыў сабе на снеданне какао. Пачуўшы крокі і шастанне спадніцы, ён з дрыжыкамі ўспомніў аб страшэннай місіс Мак-Стынджэр і павярнуўся ў той момант, калі Фларэнс працягнула да яго рукі, захісталася і ўпала на падлогу.
Капітан, пабляднеўшы не менш, чым Фларэнс, пабляднеўшы так, што ўсе гузякі ў яго твары пабялелі, падняў яе, як дзіця, і паклаў на тую самую старую канапу, на якой яна калісьці спала.
— Гэта Радасць Сэрца! — сказаў капітан, пільна ўглядаючыся ў яе твар. — Гэта цудоўная малютка, якая стала дарослай! Радасць майго Сэрца! — адступіўшыся на крок, прадаўжаў капітан, чыя фізіяномія выказвала найвялікшую трывогу і спачуванне. — Калі вы можаце падаць Нэду Катлю сігнал хоць-бы пальцам, зрабіце гэта!
Але Фларэнс не зварухнулася.
— Радасць майго Сэрца! — паўтарыў, дрыжучы, капітан. — Дзеля Уольра, які ўтапіўся ў марской бездані, павярніце за ветрам і, калі можна, падыміце хоць які-небудзь сцяг!
Бачачы, што яна астаецца не чуллівай нават да такога выразнага заклікання, капітан схапіў са стала кубак з халоднай вадой і апырскаў ёй твар. З прычыны сур'ёзнасці становішча капітан сваімі вялізнымі ручышчамі з надзвычайнай пяшчотнасцю зняў з яе капялюшык, змачыў ёй губы і лоб, адкінуў валасы з ілба, ухутаў яе ногі сваім уласным фракам, які зняў спецыяльна для гэтай мэты, пагладзіў яе руку — такую маленькую, што, дакрануўшыся да яе, ён быў уражаны ад здзіўлення, — і, бачачы, як затрапяталі ў яе расніцы і губы пачалі варушыцца, больш спакойна прадаўжаў ужываць гэтыя выратавальныя меры.
— Весялей! — сказаў капітан. — Весялей! Трымайцеся мацней, мая красуня, трымайцеся мацней! Вось так! Цяпер вам лепш. Спакойна. Так трымайцеся! Выпіце кропельку, — прадаўжаў капітан. — Ну, вось! Як справы, мая красуня, як справы?