Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заць гэта па-сяброўску, Таулінсон, нібы ведаеце, што так зрабілі з іншым чалавекам, які памёр.

— Зразумела, міс, — сказаў Таулінсон.

— А цяпер жадаю спакойнай ночы майму любаму, любаму, любаму хрышчэнніку, — сказала міс Токс, суправаджаючы кожнае паўтарэнне гэтага эпітэта градам пяшчотных пацалункаў; — Луіза, дарагі мой сябра, абяцайце мне выпіць на ноч чаго-кольвечы саграваючага і не хвалявацца.

Чорнавокая Ніпер, якая ўважліва назірала, ледзь стрымлівалася ў гэты крытычны момант і аж да самага ад’езду місіс Чык. Але калі дзіцячы пакой пазбавіўся, нарэшце, ад наведвальнікаў, яна ўзнагародзіла сябе за ранейшае ўстрыманне.

— Можаце шэсць тыдняў трымаць мяне ў вар’яцкай кашулі, — сказала Ніпер, — але калі яе знімуць, я яшчэ больш буду злавацца; ну ці бачыў хто-небудзь і калі-небудзь двух такіх грыфонаў[1], скажыце, місіс Рычардс?

— І гавораць яшчэ аб тым, нібы ëй, гаротнай малютцы, штосьці прыснілася, — сказала Полі.

— Ох, ужо вы, красуні! — усклікнула С’юзен Ніпер, вітаючы паклонам дзверы, у якія вышлі лэдзі. — Яна ніколі не будзе Домбі? Вось як, трэба спадзявацца, што не будзе, больш нам такіх не патрэбна, хопіць і аднаго!

— Не разбудзіце дзяцей, любая С’юзен, — сказала Полі.

— Вельмі вам удзячна, місіс Рычардс, — сказала С’юзен, якая ў гневе сваім ні для каго не рабіла выключэнняў, — і, дапраўды-ж, гэта гонар для мяне атрымліваць ад вас загады, я-ж чорная нявольніца і мулатка. Місіс Рычардс, калі ў вас ёсць для мяне яшчэ якія-небудзь загады, скажыце мне, будзьце ласкавы.

— Глупства! Якія там загады! — сказала Полі.

— Бог з вамі, місіс Рычардс! — усклікнула С’юзен. — Часовыя заўсёды распараджаюцца тут сталымі, няўжо вы гэтага не ведалі? Ды дзе-ж гэта вы нарадзіліся, місіс Рычардс, — прадаўжала Задзіра, — і калі-б і як-бы вы не нарадзіліся (аб гэтым вам самой лепш ведаць), пастарайцеся, калі ласка, запомніць, што адна справа загадваць і зусім іншая справа выконваць тыя загады. Адзін чалавек можа сказаць другому, місіс Рычардс, каб той кінуўся галавой з моста ў рэчку глыбінёю ў сорак пяць футаў, але гэты другі, магчыма, і не падумае кідацца.

— Годзе, — сказала Полі, — вы злуецеся, таму што вы добрая дзяўчына і любіце міс Фларэнс; і цяпер вы наваліліся на мяне таму, што больш нікога тут няма.

— Каму-небудзь вельмі лёгка не раздражняцца і гаварыць ласкавыя прамовы, місіс Рычардс, — адказвала С’юзен, крыху памякчэўшы, — калі з іх дзіцем носяцца, як з прынцам, і лагодзяць яму і песцяць, пакуль ён не захоча пазбавіцца ад такіх сяброў,


  1. Грыфон (грэч.) — фантастычная жывёла ў грэчаскай міфалогіі, пачвара з тулавам льва і з галавой, крыллямі і кіпцюрамі арла.

43