мясціўшыся за чайным сталом і выпадкова зірнуўшы на маленькія ложкі, тады толькі ўспомнілі аб Фларэнс.
— Як яна моцна спіць! — сказала міс Токс.
— Вы-ж ведаеце, любая мая, удзень яна шмат возіцца, — адказвала місіс Чык, — увесь час гуляе каля маленькага Поля.
— Якое дзіўнае яна дзіцянё, — сказала міс Токс.
— Любая мая, — сцішыўшы голас, адказала місіс Чык, — яна — вылітая матка!
— І сапраўды? — сказала міс Токс. — Ах, божа мой!
У вышэйшай ступені спачувальным тонам сказала гэта міс Токс, хоць не разумела — чаму, ведала толькі, што ад яе гэтага чакаюць.
— Фларэнс ніколі, ніколі, ніколі не будзе Домбі, — сказала місіс Чык, — хоць-бы яна пражыла і тысячу гадоў.
Міс Токс падняла бровы і зноў уся напоўнілася чуласцю.
— Я мардуюся і пакутую праз яе, — сказала місіс Чык з пакорна добрадзейным уздыхам. — Я, дапраўды, не ведаю, што з яе выйдзе, калі яна падрасце, і якое становішча ёй давядзецца заняць. Яна не ўмее расчуліць бацькі. Ды і як можна на гэта спадзявацца, калі яна так не падобна да Домбі!
Міс Токс зрабіла такую міну, нібы не знаходзіла што адказаць на такі-ж неаспрэчны аргумент.
— Да таго-ж у дзяўчынкі, як бачыце, — канфідэнцыяльна[1] паведаміла місіс Чык, — натура беднай Фані… Адважуся сказаць, што ў далейшым жыцці яна ніколі не будзе рабіць намаганняў. Ніколі! Яна ніколі не абаўецца вакол сэрца свайго бацькі, як…
— Як плюшч? — падсказала міс Токс.
— Як плюшч. — згадзілася місіс Чык. — Ніколі! Яна ніколі не знойдзе шляху і не прытуліцца да чулых грудзей бацькі, як…
— Пужлівая лань? — падсказала міс Токс.
— Як пужлівая лань, — сказала місіс Чык. — Ніколі! Бедная Фані! А ўсё-ж такі як я яе любіла!
— Не трэба хвалявацца, любая мая, — супакойваючым тонам сказала міс Токс. — Ну, годзе! Вы вельмі чуллівая.
— Ва ўсіх у нас ёсць свае недахопы, — сказала місіс Чык, праліваючы слёзы і ківаючы галавой. — Думаю, што ёсць. Я ніколі не была сляпой да яе недахопаў. І ніколі не сцвярджала адваротнага. Зусім не. А ўсе-такі як я яе любіла!
Місіс Чык усё яшчэ выцірала слёзы і ківала галавой, калі Рычардс адважылася папярэдзіць яе, што міс Фларэнс не спіць і сядзіць у сваёй пасцельцы. Як сказала карміліца, яна прачнулася, і расніцы ў яе былі мокрыя ад слёз. Але ніхто іх не бачыў, апрача Полі. Ніхто, апрача яе, не нахіліўся над ёю, не прашаптаў ёй ласкавых слоў, не падышоў бліжэй, каб пачуць, як перарывіста б’ецца ў яе сэрца.
- ↑ Канфідэнцыяльна — даверліва, па сакрэту.