РАЗДЗЕЛ XLV
Давераная асоба.
Эдзіт выязджала ў той дзень адна і вярнулася дадому рана. Быў толькі пачатак адзінаццатай, калі яе экіпаж звярнуў на вуліцу, дзе яна жыла.
Спыніўшыся ля пад'езда, яна збіралася выйсці, калі нейкі чалавек, ціха вышмыгнуўшы з вестыбюля і стоячы з голай галавою, прапанаваў ёй руку. Слугу ён адхіліў, і ёй нічога не аставалася, як абаперціся на яе, і тады яна пазнала, чыя гэта рука.
— Як маецца ваш хворы, сэр? — запыталася яна з пагардлівай усмешкай.
— Яму лепш, — адказаў Каркер. — Ён папраўляецца. Я развітаўся з ім на ноч.
Яна нахіліла галаву і пачала падымацца па лесвіцы; ён пайшоў за ёю і сказаў, стоячы на ніжняй ступеньцы.
— Пані! Магу я прасіць аб тым, каб вы прынялі мяне на адну хвіліну?
Яна спынілася і азірнулася.
— Цяпер позна, сэр, і я стомлена. У вас тэрміновая справа?
— Надзвычай тэрміновая, — адказаў Каркер. — Калі ўжо мне пашанцавала сустрэць вас, дазвольце паўтарыць маю просьбу.
Яна паглядзела ўніз, на яго пабліскваючыя зубы, а ён паглядзеў на яе, апранутую ў прыгожае плацце, і зноў падумаў аб тым, якая яна прыгожая.
— Дзе міс Домбі? — гучна запыталася яна ў слугі.
— У будуары, пані.
— Правядзіце туды!
— Прашу прабачэння! Пані! Місіс Домбі! — усклікнуў украдчывы і жвавы Каркер, у момант апынуўшыся побач з ёю. — Дазвольце папрасіць вас аб тым, каб міс Домбі пры гэтым не прысутнічала!
Яна кінула на яго шпаркі позірк, але па-ранейшаму захоўвала спакой і стрыманасць.
— Я хацеў-бы злітавацца над міс Домбі, — ціха сказаў Каркер, — і не даводзіць да яе ведама таго, што я маю сказаць. Ва ўсякім выпадку, я хацеў-бы, каб вы, пані, самі вырашылі, павінна яна аб гэтым ведаць ці не.
Яна павольна адвяла позірк ад яго твара і, павярнуўшыся да слугі, сказала:
— Правядзіце ў які-небудзь іншы пакой!
Той павёў іх у гасціную, дзе адразу запаліў агонь і вышаў. Ні слова не было сказана, пакуль ён быў у пакоі. Эдзіт велічна села на канапу ля каміна, а містэр Каркер, трымаючы ў руцэ капялюш і не адрываючы вачэй ад каўра, стаяў перад ёю воддаль.