гэта лепш за ўсіх, бо я бачыла яе ў дні гора і бачыла яе ў дні радасці (іх было мала), я бачыла яе разам з яе братам і бачыла яе ў адзіноцтве, а сёй-той ніколі яе не бачыў, і я скажу сяму-таму і ўсім, так, скажу, — тут чорнавокая кіўнула галавой і паціхеньку тупнула нагой, — што міс Флой — самы цудоўны і самы мілы анёл!
Містэр Домбі, бледны пасля свайго падзення, пабляднеў яшчэ больш ад абурэння і здзіўлення і пазіраў на гаварыўшую такім позіркам, нібы абвінавачваў і зрок свой і слых у тым, што яны здрадзілі яму.
— Ні адзін чалавек не можа не быць верным і адданым міс Флой, сэр, — прадаўжала С'юзен, — і я не хвалюся сваёй дванаццацігадовай службай, бо я люблю міс Флой! Так, я магу гэта сказаць сяму-таму і ўсім! — тут чорнавокая зноў страсянула галавой і зноў тупнула паціхеньку нагой і ледзь было не ўсхліпнула, — але верная і адданая служба, спадзяюся, дае мне права гаварыць, а гаварыць я павінна і буду, дрэнна гэта ці добра.
— Чаго вы хочаце, жанчына? — запытаўся містэр Домбі, гнеўна на яе паглядаючы. — Як вы адважваецеся?
— Чаго я хачу, сэр? Я хачу толькі пагаварыць пачціва, не абражаючы, але адкрыта, а як я адважылася — гэтага я сама не ведаю, але адважылася! — сказала С'юзен. — Ах, вы не ведаеце маёй маладой лэдзі, сэр, дапраўды-ж, не ведаеце, і нічога вы пра яе не ведаеце.
Містэр Домбі ў шаленстве працягнуў руку да шнурка ад званочка, але яго не было з гэтага боку каміна, а ён не мог без дапамогі другіх устаць і абыйсці камін. Зыркае вока Ніпер адразу-ж выявіла бездапаможнае яго становішча, і цяпер, як сказала яна пасля, яна адчула, што ён яе не можа ўнікнуць.
— Міс Флой, — прадаўжала С'юзен Ніпер, — самая адданая, самая цярплівая, самая пачцівая і прыгожая з усіх дачок, і няма такога джэнтльмена, сэр, хоць-бы ён быў багаты і знатны, як усе самыя знатныя багацеі ў Англіі, складзеныя разам, які не мог-бы ёю ганарыцца, а ганарыцца ён павінен і будзе. Калі-б ён ведаў ёй сапраўдную цану, ён ахвотней-бы расстаўся са сваёю знатнасцю і багаццем і ў лахманах прасіў-бы міласціну ля дзвярэй, гэта я скажу сяму-таму і ўсім, — усклікнула С'юзен, расплакаўшыся, — толькі-б не засмучваць яе пяшчотнага сэрца, а я бачыла, як яно пакутвала ў гэтым доме!
— Жанчына, — крыкнуў містэр Домбі, — ідзіце вон!
— Прашу прабачэння, сэр, я не пайду, нават калі-б мне давялося пакінуць гэта месца, — адказвала ўпартая Ніпер, — якое я займаю столькі гадоў! Спадзяюся, у вас няхопіць духу прагнаць мяне з-за гэтага ад міс Флой! Так, я не пайду, пакуль усяго не скажу! Я, магчыма, і не індыйская ўдава, сэр, і не хацела-б ёю стаць, але, калі-б я вырашыла спаліць сябе жывою, я гэта зрабіла-б. А я вырашыла дагаварыць да канца.