Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/431

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на зямлі, падняцца на ногі. У адваротным выпадку канфідэнцыяльная гутарка гэтай раніцы была-б для містэра Домбі апошняй гутаркай.

Пад кіраўніцтвам Каркера містэр Домбі, які страціў прытомнасць, з акрываўленымі галавой і тварам, быў перанесен рабочымі, якія папраўлялі дарогу, у бліжэйшую харчэўню, што была непадалёку, куды да яго з'явіліся дактары, якія хутка прыімчаліся адусюль і як быццам кіраваліся нейкім таямнічым інстынктам, нібы каршуны, пра якіх гавораць, быццам яны злятаюцца да вярблюда, які здыхае ў пустыні. Не без цяжкасцей вярнуўшы яму прытомнасць, гэтыя джэнтльмены пачалі даследаваць раны. Адзін доктар, што жыў па суседству, настойваў на складаным пераломе нагі, і думку гэту падзяляў таксама і гаспадар харчэўні, але два дактары, якія жылі ў іншай мясцовасці і толькі выпадкова трапілі ў гэтыя краі, з вялікай бескарыслівасцю абвяргалі гэту думку, і, нарэшце, было вырашана, што пацярпеўшы хоць і жорстка разбіўся, але не зламаў касцей, калі не лічыць якога-небудзь рабра, і к начы можна будзе перавезці яго асцярожна дадому. Калі раны яго былі перавязаны, што заняло нямала часу, і яго пакінулі, нарэшце, у спакоі, містэр Каркер зноў ускочыў у сядло і паехаў паведаміць дамашніх аб здарэнні.

Ён пад'ехаў да дома містэра Домбі, спешыўся ля дзвярэй і папрасіў дазволу бачыць місіс Домбі па важнай справе. Слуга, які правёў яго ў пакой самога містэра Домбі, неўзабаве вярнуўся і сказаў, што у гэту гадзіну місіс Домбі не прымае наведвальнікаў, і папрасіў прабачэння за тое, што не напомніў аб гэтым раней.

Містэр Каркер, зусім гатовы да халоднага прыёму, напісаў на візітнай картцы, што паняволі бярэ на сябе смеласць настойваць на спатканні, і ніколі не адважыўся-б зрабіць гэта ў другі раз, калі-б падзея, што здарылася, не з'яўлялася для яго дастатковым апраўданнем. Праз нядоўгі час з'явілася служанка місіс Домбі і правяла яго наверх у будуар, дзе сядзелі ўдваіх Эдзіт і Фларэнс.

Ніколі яшчэ не здавалася яму Эдзіт такой прыгожай. Як не зачароўваўся ён яе тварам і фігурай і як ні былі яны яркія ў пачуццёвых яго ўспамінах, — ніколі яшчэ не здавалася яна яму такой прыгожай.

Яе позірк ганарліва паў на яго, стаяўшага ў дзвярах. Але ён пазіраў на Фларэнс — між іншым, толькі ў той момант, калі пакланіўся, увайшоўшы Ў пакой, — усім выглядам сваім падкрэсліваючы здабытую над ёю ўладу. Як ён узрадаваўся, убачыўшы, што яна збянтэжана спусціла вочы, а Эдзіт прыпаднялася яму насустрач.

Ён вельмі шкадаваў, ён быў глыбока засмучаны, яму нехапала слоў, каб растлумачыць, з якой неахвотай ён узяўся падрыхтаваць яе да весткі аб маленькім здарэнні. Ён упрашаў місіс Домбі не хвалявацца. Кляўся гонарам, што няма ніякіх падстаў трывожыцца. Але містэр Домбі…

427