спадзяюся, не з'яўляецца для вас непрыймальным, калі яно ад мяне, хоць-бы вы і выказвалі пачцівае шкадаванне — за яго я ад імя місіс Домбі. І, я ўпэўнены, вы зробіце ласку і выканаеце яго так старанна, як і ўсякі іншы абавязак.
— Вы ведаеце, — сказаў містэр Каркер, — што вам дастаткова загадаць мне.
— Ведаю, — сказаў містэр Домбі, велічна выказваючы сваю згоду, — што мне дастаткова вам загадаць. Я лічу неабходным зрабіць захады да далейшых крокаў. Місіс Домбі — лэдзі, вядома, надзеленая высокімі годнасцямі, каб…
— Каб зрабіць гонар нават вашаму выбару, — падказаў Каркер з ліслівай усмешкай.
— Так, калі вы хочаце скарыстаць гэты выраз, — унушальным тонам сказаў містэр Домбі. — У сучасны момант я не заўважаю, каб місіс Домбі аказвала яму належны гонар. Ёсць дух супроцьдзеяння ў місіс Домбі, які патрэбна знішчыць, які патрэбна зламаць. Місіс Домбі, як відаць, не разумее, — энергічна сказаў містэр Домбі, — што сама думка аб супроцьдзеянні здаецца мне страшэннай і недарэчнай.
— Мы, у Сіці, ведаем вас лепш, — адазваўся Каркер, усміхаючыся і расцягваючы рот да вушэй.
— Вы ведаеце мяне лепш, — паўтарыў містэр Домбі. — Спадзяюся. Такім чынам, я хачу, Каркер, каб вы патурбаваліся паведаміць місіс Домбі ад майго імя, што я павінен напомніць ёй аб нашай размове і некалькі здзіўлен, чаму яна яшчэ не падзейнічала. Што я павінен настойваць на ўзгадненні ёю сваіх учынкаў з патрабаваннямі, якія былі прад'яўлены ёй у гэтай размове. Што я нездаволены яе паводзінамі. Што я вельмі імі нездаволены. І што я вымушан буду, як гэта ні сумна, перадаць праз вас яшчэ больш непрыемныя і дакладныя прадпісанні, калі разважлівы розум і належная кемлівасць не прымусяць яе падначаліцца маім жаданням, як гэта зрабіла першая місіс Домбі і — думаю, я магу дадаць — як зрабіла-б усякая іншая лэдзі на яе месцы.
— Першая місіс Домбі была вельмі шчасліва, — сказаў Каркер.
— Першая місіс Домбі вызначалася разважлівым розумам, — сказаў містэр Домбі з благароднай спагадай да памёршай, — і я не мог ёй адмовіць у тонкай кемлівасці.
— Як вы думаеце, міс Домбі падобна да сваёй маткі? — запытаўся Каркер.
Твар містэра Домбі ў момант зрабіўся злавесным. Памочнік, якому ён давяраў, сачыў за ім пільна.
— Я закрануў балючую тэму, — сказаў ён з украдчывым шкадаваннем, якое супярэчыла выразу яго загарэўшыхся вачэй. — Прашу вас, прабачце мне. Прашу вас, прабачце.
— Каркер, — сказаў містэр Домбі з пабялелымі губамі, шмыгаючы позіркам па стале і гаворачы злёгку змяніўшымся гола-