гандлёвага прадпрыемства, самая сутнасць яго знікла даўно, а калі я памру, то і здань яго будзе пахавана. Ясна, што для вас гэта не спадчына, і таму я палічыў за лепшае скарыстаць у вашых інтарэсах амаль не адзіную з ранейшых сувязей, якая захавалася ў сілу доўгай прывычкі. Некаторыя думаюць, што я багаты. Хацеў-бы я, у вашых інтарэсах, каб яны мелі рацыю. Але што-б пасля мяне ні засталося і што-б я ні даў вам, вы ў такой фірме, як Домбі, маеце магчымасць пусціць гэта ў ход і ўзбагацець. Будзьце працавітым, старайцеся палюбіць гэту справу, любы мой хлопчык, працуйце, каб стаць незалежным, і будзьце шчаслівым!
— Я зраблю ўсё, што змагу, каб апраўдаць вашу любоў. Так, зраблю, — сур’ёзна сказаў хлопчык.
— Я гэта ведаю, — сказаў Саламон. — Я ў гэтым упэўнен, — і ён з яшчэ большым задавальненнем узяўся за другую шклянку мадэры. — Што-ж датычыць мора, — прадаўжаў ëн, — то яно добрае ў марах, Уолі, і не падыходзіць на справе, зусім не падыходзіць. Зусім зразумела, што вы аб ім думалі, звязваючы яго з усімі гэтымі знаёмымі рэчамі; але гэта не падыходзіць, не падыходзіць.
Аднак, Саламон Джылс, разважаючы пра мора, паціраў рукі як быццам з патаемным задавальненнем і паглядаў вакол на рэчы, якія мелі адносіны да мораплавання, з невымоўнай прыхільнасцю.
— Вось, напрыклад, падумайце аб гэтым віне, — сказаў стары Соль, — яно некалькі разоў рабіла падарожжа ў Ост-Індыю і назад і адзін раз аб’ехала вакол свету. Падумайце аб непраглядных ночах, лютым ветры, набягаючых хвалях!
— Аб громе, маланцы, дажджы, градзе, штормах, — уставіў хлопчык.
— Бясспрэчна, — сказаў Саламон, — віно вытрымала ўсё гэта. Падумайце аб тым, як гнуліся і скрыпелі дошкі і мачты, як свістаў і завываў вецер у снасцях.
— Як узбіраліся наверх матросы, спаборнічаючы адзін з адным, хто першы падымецца на рэі, каб зняць укрытыя лёдам парусы, у той час як карабль нахіляецца і зарываецца носам, нібы звар’яцелы! — крыкнуў пляменнік.
— Так, усё гэта, — сказаў Саламон, — перажыў стары бачонак, у якім было гэтае віно. Калі «Красуня Сэлі» пайшла на дно ў…
— У Балтыйскім моры, позна ўночы; дваццаць пяць хвілін на першую гадзіннік капітана спыніўся ў яго кішэні; ён ляжаў мертвы ля гротмачты чатырнаццатага лютага тысяча семсот сорак дзевятага года! — закрычаў Уолтер з вялікім натхненнем.
— Так, правільна! — усклікнуў стары Соль. — Зусім правільна! Тады на барту было пяцьсот бачонкаў такога віна, і ўвесь экіпаж, апрача старшага памочніка, першага лейтэнанта, двух матросаў і лэдзі ў шлюпцы, якая працякала, узяўся разбіваць