Яны зноў чокнуліся, і Уолтэр, у якога аставалася яшчэ віно ў шклянцы, паднёс яго да вачэй з самым крытычным выглядам, якога толькі мог набрацца.
Дзядзька сядзеў і пазіраў на яго моўчкі. Сустрэўшыся, нарэшце, з ім позіркам, ён зараз-жа пачаў развіваць уголас думкі, якія яго цікавілі, як быццам і не пераставаў гаварыць.
— Як бачыце, Уолтэр, — сказаў ён, — гэта гандлёвае прадпрыемства, па праўдзе сказаць, толькі прывычка для мяне. Я так уцягнуўся ў гэту прывычку, што бадай ці мог-бы жыць, калі-б ад яе адмовіўся; але справа не ладзіцца, не ладзіцца. Калі насілі такую форму, — ён паказаў у той бок, дзе быў Маленькі Мічман, — вось тады сапраўды можна было нажыць багацце, і яго нажывалі. Але канкурэнцыя, канкурэнцыя… новыя вынаходствы, новыя вынаходствы… перамены, перамены… свет прайшоў міма мяне. Я наўрад ці ведаю, дзе я сам, і яшчэ менш за ўсё ведаю, дзе мае пакупнікі.
— Няварта думаць аб іх, дзядзя!
— Так, напрыклад, з таго часу, як вы вярнуліся дадому з пансіёна ў Пекеме, — а прайшло ўжо дзесяць дзён, — сказаў Саламон, — толькі адзін чалавек заглянуў у нашу краму.
— Двое, дзядзя, няўжо вы забыліся? Заходзіў мужчына, які прасіў размяняць соверэн…
— Гэта і ёсць той адзін, — сказаў Саламон.
— Як, дзядзя! Няўжо вы не лічыце за чалавека тую жанчыну, якая зайшла запытацца, як прайсці да заставы Майл-Энда?
— Правільна, — сказаў Саламон. — Я забыўся пра яе. Двое.
— Зразумела, яны нічога не купілі? — усклікнуў хлопчык.
— Так. Яны нічога не купілі, — спакойна сказаў Саламон.
— І нічога ім не было патрэбна? — усклікнуў хлопчык.
— Так. Інакш яны пайшлі-б у другую краму, — тым-жа тонам сказаў Саламон.
— Але іх было двое, дзядзя! — крыкнуў хлопчык, нібы радуючыся за перамогу. — А вы сказалі — толькі адзін.
— Бачыце, Уолі, — памаўчаўшы, прадаўжаў стары, — 3 тае прычыны, што мы не падобны да дзікуноў, якія высадзіліся на востраў Рабінзона Крузо, то і не можам пражыць з таго, што мужчына просіць размяняць соверэн, а жанчына пытаецца, як прайсці да заставы Майл-Энда. Як я толькі што сказаў, свет прайшоў міма мяне. Я яго не асуджаю; але я яго ўжо не разумею. Гандляры ўжо не тыя, якімі былі раней, прыказчыкі не тыя, гандаль не той, тавары не тыя. Сем восьмых майго запасу тавараў вышлі з моды. Я — старамодны чалавек у старамоднай краме, на вуліцы, якая ўжо не тая, якой я яе памятаю. Я адстаў ад века і вельмі стары, каб дагнаць яго. Нават шум яго, недзе далёка ўперадзе, прыводзіць мяне ў збянтэжанасць.
Уолтэр хацеў загаварыць, але дзядзька падняў руку.
— Таму, Уолі, таму я і хачу, каб вы раней уступілі ў дзелавы свет і вышлі на шырокую дарогу. Я толькі здань гэтага