Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

меры таго, як дагаралі і тухлі свечкі, але цень, што засмучаў яго твар, быў цямнейшым за ўсе начныя цені; так ён і аставаўся на яго твары.

Фларэнс і Эдзіт, седзячы ля каміна ў адзінотным пакоі, дзе памёр маленькі Поль, доўга гутарылі. Дыаген, які таксама быў тут, спачатку супярэчыў прысутнасці Эдзіт і, неахвотна падначальваючыся жаданню сваёй гаспадыні, пагаджаўся супярэчлівым бурчаннем. Але, выпаўзшы паціху з пярэдняй, куды ў гневе выбег, ён хутка нібы зразумеў, што з найлепшымі намерамі зрабіў адну з тых памылак, якіх не могуць іншы раз унікнуць самыя прыкладныя сабакі. Нібы просячы прабачэння, ён усеўся паміж імі перад самым камінам і сядзеў з выстаўленым языком і самай няўцямнай мордай, прыслухоўваючыся да размовы.

Размова спачатку была пра кнігі і любімыя заняткі Фларэнс і пра тое, як яна праводзіла час са дня вяселля. Гэта апошняя тэма навяла яе на размову аб тым, што было вельмі блізка яе сэрцу, і яна сказала са слязамі на вачах:

— О, мама, за гэты час мяне пасягнула вялікае няшчасце!

— Вас — вялікае няшчасце, Фларэнс?

— Так. Небарака Уолтэр утапіўся.

Фларэнс закрыла твар рукамі і горка заплакала. Многа слёз, пралітых употайку, каштаваў ей лёс Уолтэра, і ўсё-такі яна пачынала плакаць кожны раз, калі думала або гаварыла аб ім.

— Але растлумачце мне, дарагая, — ласкава сказала Эдзіт, супакойваючы яе, — хто такі Уолтэр? Кім ён быў дая вас?

— Ён быў маім братам, мама. Калі памёр мілы Поль, мы абяцалі адзін аднаму быць братам і сястрой. Я ведала яго даўно — з ранняга дзяцінства. Ён ведаў Поля, быў вельмі да яго прывязан; Поль сказаў амаль што за хвіліну да смерці: «Паклапаціцеся аб Уолтэры, любы тата! Я яго любіў!» Уолтэра прывялі пабачыцца з ім, і ён быў тады тут — у гэтым пакоі.

— І ён паклапаціўся аб Уолтэры? — суровым тонам запыталася Эдзіт.

— Тата? Ён паслаў яго за акіян. Па дарозе туды ён затануў у часе караблекрушэння, — усхліпваючы, сказала Фларэнс.

— Ён ведае, што Уолтэр памёр? — ціха запыталася Эдзіт.

— Не ведаю, мама. Не магу даведацца. Мілая мама! — усклікнула Фларэнс, тулячыся да яе нібы з просьбай аб дапамозе і схаваўшы твар у яе на грудзях. — Я ведаю, вы заўважылі…

— Ціха! Маўчыце, Фларэнс! — Эдзіт так моцна пабляднела і гаварыла з такім запалам, што не навошта было ёй закрываць Фларэнс рот рукою, каб тая змоўкла. — Спачатку раскажыце мне ўсё пра Уолтэра, я хачу ведаць гэту гісторыю з пачатку да канца.

356