— Не, звярнуў. Падышоў да майго месца, хацеў-бы я, дзядзя, каб ён не быў такім важным і чопарным, — і сказаў: «А, вы сын містэра Джылса, майстра судновых інструментаў?» — «Пляменнік, сэр», адказваў я. «Малады чалавек, я і сказаў — пляменнік», запярэчыў ён. Але я мог-бы даць клятву, дзядзя, што ён сказаў — сын.
— Думаю, што вы памыліліся. Гэта няважна.
— Так, няважна, але я падумаў, што яму няма чаго быць такім рэзкім. Ніякай бяды ў гэтым не было, хоць ён і сказаў — сын. Затым ён паведаміў, што вы гаварылі з ім аба мне, што ён падшукаў для мяне занятак у канторы і што я павінен быць уважлівым і акуратным, а пасля ён пайшоў. Мне здалося, што я як быццам не вельмі яму спадабаўся.
— Магчыма, вы хочаце сказаць, — заўважыў інструментальны майстар, — што ён як быццам не вельмі вам спадабаўся?
— Ну, што-ж дзядзя, — смеючыся, адазваўся хлопчык, — магчыма, і так! Я аб гэтым чамусьці не падумаў.
Саламон задумаўся пад канец абеду і час ад часу ўглядаўся ў вясёлы твар хлопчыка. Калі яны паабедалі і прыбралі са стала (абед быў прынесен з суседняга рэстарана), ён запаліў свечку і спусціўся ў маленькі склеп, у той час як яго пляменнік, стоячы на укрытай плесенню лесвіцы, старанна свяціў яму. Пашукаўшы ў розных месцах, ён неўзабаве вярнуўся з вельмі старой з выгляду бутэлькай, пакрытай пылам і павучыннем.
— Як, дзядзя Соль! — усклікнуў хлопчык. — Што гэта вы задумалі? Гэта-ж цудоўная мадэра! Там астаецца толькі адна бутэлька.
Дзядзька Соль кіўнуў галавой, даючы зразумець, што ён добра ведае, што робіць, і ва ўрачыстай маўклівасці выцягнуў корак, наліў дзве шклянкі і паставіў бутэльку і трэцюю чыстую шклянку на стол.
— Апошнюю бутэльку вы разап’еце, Уолі, — сказаў ён, — калі даможацеся ўдачы, калі ў вас будуць добрыя поспехі, вас будуць паважаць, калі вы будзеце шчаслівым чалавекам: калі жыццë, у якое вы ўступілі сёння, выведзе вас на роўную дарогу, для вас прызначаную, дзіця маё. Будзьце шчаслівы.
Туман, які ахутваў дзядзьку Соля, нібы пранік яму ў горла, бо гаварыў ён хрыпаючы. І рука яго дрыжэла, калі ён чокаўся з пляменнікам. Але, падносячы шклянку к губам, ён асушыў яе, як належыць мужчыну, і прычмокнуў.
— Дарагі дзядзя, — сказаў хлопчык, прытвараючыся, быццам ставіцца да гэтага несур’ёзна, хоць слёзы выступілі ў яго на вачах, — у падзяку за гонар, які вы мне аказалі, і так далей, я прапаную агаласіць зараз тройчы па тры разы і яшчэ раз ура за містэра Саламона Джылса. Урра! А вы адкажаце на гэты тост, дзядзя, калі мы разам разап’ем апошнюю бутэльку, добра?