Пасля такой каманды валійскі парык і яго ўладальнік былі дастаўлены без супраціўлення ў заднюю гасціную, і дзядзька Соль са сваім пляменнікам жвава ўзяліся за смажаную камбалу, маючы ў перспектыве біфштэкс.
— Лорд-мэр, Уолі, — сказаў Саламон, — на векі вечныя! Больш ніякіх адміралаў. Лорд-мэр — ваш адмірал. Паслухайце мяне, Уолі, паслухайце мяне. Зірніце на каменную паліцу.
— Хто-ж гэта павесіў мой срэбны кубак на цвік? — усклікнуў хлопчык.
— Я, — адказаў дзядзька. — Ніякіх больш кубкаў. З сёнешняга дня мы павінны прывучацца піць са шклянак, Уолтэр. Мы людзі гандлёвыя. Мы звязаны з Сіці. Сёння раніцой мы пачалі новае жыццё.
— Ну, добра, дзядзя, — сказаў хлопчык, — я буду піць з чаго вы хочаце, пакуль магу піць за ваша здароўе. За ваша здароўе, дзядзя Соль, і ўра ў гонар…
— Лорд-мэра, — перабіў стары.
— Лорд-мэра, шэрыфаў[1], гарадскога совета і гільдыі[2], — сказаў хлопчык. — Доугія гады!
Дзядзька, зусім задаволены, кіўнуў галавой.
— А цяпер, — сказаў ён, — паслухаем аб фірме.
— О! Што датычыць фірмы, шмат не раскажаш, дзядзя, — сказаў хлопчык, ухаджаючыся з нажом і відэльцам. — Гэта цёмны рад кантор, а ў тым пакоі, дзе сяджу я, ёсць высокая каменная рашотка, жалезная незгараемая шафа, аб’явы аб суднах, якія павінны адплысці, каляндар, некалькі канторак і табурэтак, бутэлька чарніла, кнігі і скрынкі і шмат павучыння, а ў павучынні, якраз над маёй галавой, высахлая сіняя муха; у яе такі выгляд, нібы яна даўным-даўно тут вісіць.
— І гэта ўсё? — запытаўся дзядзька.
— Так, усё, калі не лічыць старой клеткі для птушак — не разумею, як яна туды трапіла! — і скрынкі для вугалю.
— Няўжо няма банкаўскіх кніг або чекавых кніг, рахункаў або якіх-небудзь іншых прызнакаў багацця, што прыцякае кожны дзень? — запытаўся стары Соль, дапытліва пазіраючы на пляменніка з туману, які нібы заўсёды ахутваў яго, і ўкрадчыва падкрэсліваючы словы.
— О, так, гэтага, мусіць, вельмі шмат, — нязначна адказваў пляменнік, — але ўсё гэта ў пакоі містэра Каркера, містэра Морфіна або містэра Домбі.
— А містэр Домбі быў там сёння? — запытаўся дзядька.
— А як-жа-ж! На працягу ўсяго дня прыходзіў і адыходзіў.
— Напэўна, ён ніякай увагі на вас не звярнуў?