Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/315

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

статная фігура містэра Домбі ў бэзавым жылеце і светлакарычневых штанах стаіць у яе перад вачыма, і міс Токс зноў плача пад сваёй вуаллю, варочаючыся дадому на пляц Прынцэсы. Капітан Катль набожна, хрыплым голасам агалашае ўсе аманы і адказы, адчувае, што рэлігійныя практыкаванні пайшлі яму на карысць, і ў супакойлівым настроі прахаджваецца па царкве з глянцавітым капелюшом у руцэ і чытае надпіс на таблічцы маленькага Поля. Галантны містэр Тутс, у суправаджэнні Пеўня, пакідае царкву, і яго жорстка мучыць каханне. Певень усё яшчэ не можа прыдумаць плана заваёвы Фларэнс, але першапачаткавая яго ідэя авалодала ім, і ён лічыць, што правільны крок у гэтым напрамку — прымусіць містэра Домбі сагнуцца ўдвая.

Але вось экіпажы пад'язджаюць да рэзідэнцыі маладой, і музыканты, якія цешаць слых званочкамі, пачынаюць трызвоніць, і грыміць аркестр. Народ валіць гурмой, і збіраецца натоўп зявак, у той час як містэр Домбі, ведучы за руку місіс Домбі, ўрачыста ўваходзіць у палацы Фініксаў. Астатнія госці выходзяць з экіпажаў і ідуць за імі.

Зноў чуваць віншаванні з гэтым найшчасліўшым днём, і прыбываюць новыя госці, хоць іх і мала; але вось яны пакідаюць гасціную і садзяцца за стол у панурай карычневай сталовай, якой ніводзін кандыцер не можа надаць вясёлага выгляду.

Аднак, повар вельмі добра справіўся са сваёй справай і сервіраваў надзвычайнае снеданне. Містэр і місіс Чык далучыліся да кампаніі ў ліку іншых гасцей. Місіс Чык у захапленні ад таго, што Эдзіт па натуры «сапраўдная Домбі», і яна гутарыць ветліва і канфідэнцыяльна з місіс Ск'ютон, з чыёй душы зваліўся цяжар, і яна п'е шампанскае. Вельмі рослы малады чалавек, які ад раніцы пакутваў ад узрушэння, адчувае сябе лепш; але ім авалодала няўяўнае раскаянне, ён ненавідзіць другога вельмі рослага маладога чалавека, гвалтоўна вырывае ў яго талеркі і адчувае панурую асалоду, робячы непрыемнасць гасцям. Госці спакойныя і бестурботныя і не зневажаюць празмерным ажыўленнем чорныя гербы партрэтаў, якія паглядаюць на іх са сцен. Стрыечны брат Фінікс і маёр — самыя вясёлыя ў гэтай кампаніі, але ў містэра Каркера знаходзяцца ўсмешкі для ўсіх, хто сядзіць за сталом. Ён пакідае асаблівую ўсмешку для маладой, якая рэдка, вельмі рэдка яе заўважае.

Калі снеданне скончана і слугі выходзяць з пакоя, стрыечны брат Фінікс устае; вельмі-ж маладжавы ў яго выгляд, калі белыя манжэты амаль цалкам закрываюць яму кісці рук (яны досыць кастлявыя), а шчокі разрумяніліся ад шампанскага.

— Клянусь сумленнем, — кажа стрыечны брат Фінікс, — хоць гэта і не прынята ў доме сумленнага джэнтльмена, аднак, я прашу ў вас дазволу абвясціць тое, што звычайна называецца э… уласна кажучы… тостам.

311