маршчыны на твары яго лордства і гусіныя лапкі ля вачэй і калі ўпершыню заўважаюць, што, праходзячы па пакоі, ён крыху адхіляецца ў бок ад простай лініі, якая вядзе да мэты. Але стрыечны брат Фінікс, які ўстае прыкладна а палове восьмай раніцы, зусім не падобен да Фінікса, які ўжо ўстаў і выгляд у яго сапраўды вельмі дрэнны, пакуль яго брыюць у гатэлі Лонг на Бонд-стрыт.
Містэр Домбі выходзіць са свайго прыбіральнага пакоя, выклікаючы мітусню сярод жанчын на лесвіцы; моцна шурхаючы спадніцамі, яны разбягаюцца ў розныя бакі. Містэр Домбі накіроўваецца ў гасціную чакаць вызначанай гадзіны. Надзвычай прыгожы новы сіні фрак містэра Домбі, светлакарычневыя штаны і бэзавы жылет і ў доме ходзяць чуткі, што валасы ў містэра Домбі завітыя.
Падвойны стук у дзверы апавяшчае аб прыбыцці маёра, які вельмі прыгожа прыбраны, і ў пятліцы ў яго герань, а валасы завіты крута і туга, як умее гэта рабіць тубылец.
— Домбі, — кажа маёр, працягваючы абедзве рукі, — як маецеся?
— А вы як маецеся, маёр?
— Клянуся, сэр, — кажа маёр, — Джой Б. адчувае сябе сёння так, — і тут ён з сілай стукае сябе ў грудзі, — адчувае сябе сёння так, сэр, што, чорт пабяры, Домбі, ён не ад таго каб наладзіць двайное вяселле і жаніцца на матцы!
Містэр Домбі ўсміхаецца, але нават для яго гэта ўсмешка бледная, бо містэр Домбі збіраецца парадніцца з маткай, а пры такіх акалічнасцях жартаваць над ёй не варта.
— Домбі, — кажа маёр, заўважыўшы гэта, — жадаю вам шчасця! Віншую вас, Домбі! Далібог, сэр, у такі дзень вам можна пазайздросціць больш, чым каму-б там не было ў Англіі!
І зноў містэр Домбі згаджаецца стрымана, бо ён збіраецца аказаць вялікі гонар лэдзі, і, вядома, ёй можна пазайздросціць больш, чым каму-б там ні было.
— Што датычыць Эдзіт Грэйнджэр, сэр, — прадаўжае маёр, — то ва ўсёй Еўропе не знойдзецца жанчыны, якая не згадзілася-б і не пажадала — дазвольце маёру Бегстоку, сэр, дадаць — і не пажадала адрэзаць сабе вушы і з завушніцамі ў прыдачу, каб заняць месца Эдзіт Грэйнджэр.
— Вы вельмі ласкавыя, маёр, — кажа містэр Домбі.
— Домбі, — адказвае маёр, — вы гэта ведаеце! Давайце абыйдземся без фальшывай скромнасці. Вы гэта ведаеце! Ведаеце вы гэта ці не ведаеце, Домбі? — кажа маёр ледзь не са злосцю.
— О, дапраўды, маёр…
— Пракляцце, сэр, — перапыняе маёр. — Вядомы вам гэты факт ці невядомы? Домбі! Ці сябра вам стары Джо? Ці знаходзімся мы, Домбі, у тых простых, блізкіх адносінах, якія даюць магчымасць чалавеку — шчыраму, старому Джозефу Б.,