Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/300

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з прычыны вяселля, лічачы гэта падарункам, які канчаткова збаўляе і вызваляе ад розных пазык і падарункаў місіс Ск'ютон і яе дачцы. Для падтрымання гонару сям'і трэба было строга захоўваць прыстойнасць, і місіс Ск'ютон знайшла згаворчывага гандляра, што жыў у прыходзе Мерыбен, які пазычаў знаці рознастайныя прадметы абстаноўкі, пачынаючы са сталовага срэбра і канчаючы арміяй лакеяў; гэты-ж гандляр даставіў у дом сівавалосага дварэцкага (які атрымліваў дадатковую плату за тое, што ў яго быў выгляд старога слугі ў сямейным доме), двух высокіх маладых людзей у ліўрэі і адборны штат прыслугі. У той-жа дом і з тае-ж зручнай крыніцы было дастаўлена ўсё неабходнае кухоннае срэбра і фарфар, а таксама рознастайныя прадметы гаспадарчага ўжытку, уключаючы прыгожы экіпаж і пару гнедых коней, і місіс Ск'ютон размясцілася сярод падушак на параднай канапе, у позе Клеапатры, і ўрачыста распачала прыём.

— Ну, як маецца мая цудоўная Фларэнс? — запыталася місіс Ск'ютон, калі ўвайшла яе дачка са сваёй пратэжэ[1]. — Дапраўды, вы павінны пацалаваць мяне, Фларэнс, мая любая.

Фларэнс, баязліва нахіліўшыся, шукала белае месцечка на твары місіс Ск'ютон, але гэтая лэдзі падставіла ёй вуха і вызваліла яе з цяжкага становішча.

— Эдзіт, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон, — станоўча… Павярніцеся крыху да святла, на адну хвіліну, любая Фларэнс.

Фдарэнс, чырванеючы, паслухалася.

— Вы не памятаеце, дарагая Эдзіт, — прадаўжала маці, — якой вы былі прыкладна ва ўзросце нашай чароўнай Фларэнс або крыху маладзей?

— Я даўно забылася, мама.

— Дапраўды, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон, — я знаходжу пэўнае падабенства паміж вамі ў тыя гады і нашай цудоўнай юнай прыяцелькай. І гэта паказвае, што можа зрабіць выхаванне, — дадала місіс Ск'ютон, прыцішыўшы голас і даючы зразумець, што на яе думку, выхаванне Фларэнс далёка не закончана.

— Так, бясспрэчна, — быў халодны адказ Эдзіт.

Маці зырка на яе паглядзела і, адчуваючы, што яна на небяспечным шляху, сказала з мэтай адцягнуць увагу:

— Цудоўная Фларэнс, дапраўды, вы павінны пацалаваць мяне яшчэ раз, дарагая мая.

Фларэнс, зразумела паслухалася, і зноў дакранулася губамі да вуха місіс Ск'ютон.

— Любачка, вы, зразумела, чулі, — прадаўжала місіс Ск'тон, трымаючы яе за руку, — што ваш тата, якога мы ўсе літа-


  1. Пратэжэ — асоба, якая карыстаецца чыім-небудзь апякунствам, пратэкцыяй.

296