— О, карыслівы нягоднік! — ціхенька запішчала Клеапатра. — Я абурана!
— І ў Домбі, пані, — прадаўжаў маёр, выцягваючы шыю і выпучваючы вочы, — сур'ёзныя намеры. Джозеф гэта кажа; Бегсток гэта ведае; Дж. Б. да гэтага вядзе. Прадастаўце Домбі самому сабе, пані. Домбі надзейны, пані. Рабіце так, як рабілі раней, больш нічога; і верце, што Дж. Б. давядзе справу да канца.
— Вы сапраўды так думаеце, дарагі маёр? — запыталася Клеапатра, якая, не гледзячы на сваю лянівую позу, прыглядалася да яго вельмі дапытліва і вельмі зырка.
— Пані, — сказаў маёр, раптам перапыніўшы хіхіканне і зрабіўшыся зусім сур'ёзным, — прыехала правая рука Домбі.
— Сёння раніцой? — запыталася Клеапатра.
— Сёння раніцой, пані, — адказаў маёр. — А нецярплівасць, з якой Домбі чакаў яго прыезду, тлумачыцца — паверце Дж. Б. на слова, бо Джо д'ябальскі хітры, — маёр пастукаў па сваім носе і прыжмурыў адно вока, што не садзейнічала яго хараству, — тлумачыцца яго жаданнем, каб чуткі не дайшлі да яго раней, чым ён — Домбі — паведаміць яму або параіцца з ім. Таму што Домбі, пані, — сказаў маёр, — ганарлівы, як Люцыфер.
— Надзвычайная якасць, — прасюсюкала місіс Ск'ютон, — уласцівая таксама і Эдзіт.
— Дык вось, пані, — прадаўжаў маёр, — я ўжо зрабіў некалькі намёкаў, і правая рука іх зразумела, і прыбаўлю яшчэ да канца дня. Сёння раніцой Домбі намеціў на заўтра паездку ва Уорыкскі замак і ў Кенілуорт, а перад гэтым хацеў паснедаць з намі. Я ўзяўся перадаць запрашэнне. Ці зробіце вы нам гэтую ласку, пані? — сказаў маёр, раздуваючыся ад дыхавіцы і хітрасці і перадаючы запіску, адрасаваную шаноўнай місіс Ск'ютон, праз прыязнае пасярэдніцтва маёра Бегстока, у якой нязменна ёй адданы Поль Домбі прасіў яе і любезную і чароўную яе дачку прыняць удзел у экскурсіі, якая мае быць; а ў постскрыптуме[1] той-жа нязменна адданы Поль Домбі прасіў перадаць паклон місіс Грэйнджэр.
— Ціха! — сказала раптам Клеапатра. — Эдзіт!
Ледзь кіўнуўшы маёру Бегстоку і кінуўшы праніклівы позірк на маці, Эдзіт адхінула фіранку ў акне і села, пазіраючы на вуліцу.
— Дарагая мая Эдзіт, — сказала місіс Ск'ютон, — дзе-ж гэта вы былі? Я так хацела вас бачыць, мая любая.
— Вы сказалі, што заняты, і я не ўваходзіла, — адказала яна, не абарачаючыся.
— Маёр Бегсток, любая мая Эдзіт, — праказала яе маці, расцягваючы словы, — як вам вядома, самы бескарысны і непрыемны чалавек на свеце…
- ↑ Постскрыптум — прыпіска ў пісьме.