Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, што-ж, капітан Катль, — паціраючы рукі, сказала Мак-Стынджэр, якая нічога не падазравала, — рабіце, як хочаце. Мне з маёй сям'ёй няма як адмаўляцца, як не да твару і прасіць.

— І ці не будзеце вы такой добрай, пані, — сказаў капітан, дастаючы з верхняй паліцы буфета металічную чайніцу, у якой хаваў наяўныя грошы, — падарыць ад мяне дзеткам па восемнаццаць пенсаў кожнаму? Калі вы нічога не маеце супраць, пані, скажыце дзецям, каб яны прышлі сюды, я рад-бы быў іх бачыць.

Гэтыя нявінныя Мак-Стынджэры прыпадобніліся кінжалам, уваткнутым у грудзі капітана, калі з'явіліся гурбой і пачалі тузаць яго з бязмежным давер'ем, якое ён так мала заслугоўваў. Выгляд Александра Мак-Стынджэра, яго любімца, быў яму нязносным; голас Джуліяны Мак-Стынджэр, як дзве кроплі вады падобен да матчынага, прымусіў яго ўздрыгануцца.

Нарэшце, капітан са смуткам адпусціў іх і, расстаючыся з гэтымі херувімамі, адчуваў вялікія пакуты сумлення чалавека, які ідзе на пакаранне смерцю.

У начной цішыні капітан склаў больш цяжкую сваю маёмасць у куфар, які замкнуў на замок, маючы намер пакінуць яго тут, як відаць, навекі, бо амаль не было шансаў на тое, што калі-небудзь знойдзецца чалавек, досыць смелы і дзёрзкі, каб прысці і запатрабаваць яго. Больш лёгкія рэчы капітан звязаў у клунак, а сталовае срэбра расклаў па кішэнях, рыхтуючыся ўцякаць. А поўначы, калі Брыг-плейс спачываў у сне, а місіс Мак-Стынджэр, акружаная сваімі дзецьмі, таксама соладка заснула, злачынны капітан, на цыпках спусціўшыся ў цемры з лесвіцы, адчыніў дзверы, паціхеньку прычыніў іх за сабою і пусціўся наўцекі.

Праследуемы вобразам місіс Мак-Стынджэр, якая ўсхапляецца з пасцелі і, не гледзячы на свой касцюм, бяжыць за ім і прыводзіць яго назад, капітан Катль бег на ўвесь дух, зусім не даючы магчымасці траве вырасці ў яго пад нагамі паміж Брыг-плейс і дзвярыма інструментальнага майстра. Яны расчыніліся, калі ён пастукаў — бо Роб быў напагатове, — а калі яны былі запёрты на засаўку і на ключ, капітан Катль адчуў сябе больш-менш у безапаснасці.

— Ух! — аглядаючыся, усклікнуў капітан. — Вось дык бег!

— Здарылася што-небудзь, капітан? — закрычаў Роб.

— Не, не! — сказаў капітан Катль, бялеючы і прыслухоўваючыся да крокаў на вуліцы. — Але памятайце, прыяцель, калі якая-небудзь лэдзі, апрача тых двух, якіх вы тады бачылі, зойдзе і запытаецца капітана Катля, абавязкова скажыце, што такога чалавека тут не ведаюць і ніколі пра яго не чулі; падпарадкуйцеся гэтаму загаду. Чуеце?

Роб кіўнуў, даючы зразумець, што ўцяміў гэту інструкцыю, і капітан Катль, абяцаўшы зрабіць з яго чалавека, калі ён будзе

257