— Калі яна пайшла і прадаўжае радасна ісці па сваім шляху, — сказаў ён, кінуўшы на канторку ўсё яшчэ складзенае пісьмо і глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, — можаце перадаць ёй, што я таксама радасна іду па сваім шляху. Калі яна ні разу не аглянулася, можаце ёй перадаць, што часамі я аглядаюся, каб успомніць, як яна перайшла на ваш бок, і што маё рашэнне астаецца не менш цвёрдым, — тут ён вельмі соладка ўсміхнуўся, — чым мрамар. Я не ведаю ніякай Херыет Каркер. Такой асобы няма на свеце. Магчыма ў вас ёсць сястра — радуйцеся гэтаму. У мяне яе няма.
Містэр Каркер-загадчык зноў узяў пісьмо і з насмешлівай пачцівай усмешкай махнуў ім, паказваючы на дзверы. Разгарнуўшы яго, калі брат вышаў, і хмурна азірнуўшыся вакол пасля яго адыходу, ён зноў павярнуўся ў крэсле і пачаў уважліва чытаць пісьмо.
Яно было напісана рукою яго вялікага шэфа, містэра Домбі, і паслана з Лемінгтона. Хоць містэр Каркер хутка праглядаў усе іншыя пісьмы, гэта пісьмо ён чытаў павольна, узважваючы кожнае слова і напружваючы ўсе сілы, каб адгадаць сапраўдны яго сэнс. Прачытаўшы яго адзін раз, ён зноў пачаў яго чытаць і адзначыў наступныя месцы: «Перамена аказалася для мяне дабратворнай, і я яшчэ не схілен вызначыць дзень звароту…» «Я хачу, каб вы, Каркер, пастараліся як- небудзь прыехаць сюды да мяне і асабіста далажыць аб тым, як ідуць справы…» «Я забыўся сказаць вам аб маладым Гэі. Калі ён не паехаў на «Сыне і Наследніку» або калі «Сын і Наследнік» яшчэ ў доках, прызначце якога-небудзь іншага маладога чалавека, а яго пакіньце пакуль што ў Сіці. Я яшчэ не вырашыў».
— Вось няўдача, — сказаў містэр Каркер-загадчык, расцягваючы рот, нібы ён быў зроблены з гумы. — Гэй ужо далёка.
Ён склаў пісьмо і сядзеў, забаўляючыся ім, пастукваючы па стале і пакручваючы ім і так і сяк, калі містэр Перч, пасыльны, ціхенька пастукаў у дзверы, увайшоў на цыпках і, згінаючыся ўсім корпусам пры кожным кроку, нібы для яго найвялікшай прыемнасцю было кланяцца, паклаў на стол нейкія паперы.
— Ці не хочаце вы сказаць, што вы заняты, сэр? — запытаўся містэр Перч, паціраючы рукі і пачціва схіляючы галаву да пляча, нібы адчуваючы, што не да твару яму трымаць яе высока ў прысутнасці такой асобы, і жадаючы адхінуць яе па магчымасці далей.
— Хто мяне пытае?
— Бачыце, сэр, — ціхім голасам сказаў містэр Перч, — зараз, сэр, ніхто, пра каго варта было-б гаварыць. Містэр Джылс, майстар суднавых інструментаў, сэр, зайшоў, кажа, па справе аб нейкім плацяжы, але я яму намякнуў, сэр, што вы вельмі заняты, вельмі заняты.