— Ці магу я ў іх пераканацца? — з напышлівай галантнасцю запытаўся містэр Домбі, паклаўшы малюнак, які трымаў у руцэ, і паказваючы на арфу.
— О, зразумела! Калі хочаце!
Сказаўшы гэта яна ўстала, прайшла каля канапы маці, кінўшы ў яе бок ганарысты позірк і вышла з пакоя.
Маёр, які к таму часу атрымаў поўнае прабачэнне, прысунуў да Клеапатры маленькі столік і сеў гуляць з ёю ў пікет. Містэр Домбі, не ведаючы гэтай гульні, падсеў да іх павучыцца, бо Эдзіт яшчэ не варочалася.
— Спадзяюся, мы пачуем музыку, містэр Домбі? — сказала Клеапатра.
— Місіс Грэйнджэр прыязна гэта абяцала, — сказаў містэр Домбі.
— А! Гэта вельмі прыемна. Маёр, ваш ход!
Маёр зрабіў ход, а містэр Домбі, які падсеў, каб вучыцца, хутка прышоў-бы ў поўнае замяшанне, калі-б хоць якую-небудзь увагу звяртаў на гульню, але ён сядзеў, дзівячыся, калі-ж вернецца Эдзіт…
Нарэшце, яна вярнулася і падышла да арфы, а містэр Домбі ўстаў і, стоячы каля яе, слухаў. Ён не быў аматарам музыкі і нічога не разумеў з таго, што яна грае, але ён бачыў, як яна схіляецца над арфай, і, магчыма, чуў у гучанні струн якуюсьці сваю далёкую музыку, якая ўціхамірвала пачвару чыгункі і змякчала яе жорсткасць.
Клеапатра за пікетам не драмала. Вочы ў яе блішчэлі, як у птушкі, пранізвалі пакой з канца ў канец і спыняліся на арфе, выканальніцы, слухачы — рашуча на ўсім.
Скончыўшы граць, ганарыстая красуня ўстала і, прыняўшы падзяку і кампліменты містэра Домбі з такім-жа выглядам, як і раней, падышла амаль адразу-ж да раяля.
Эдзіт Грэйнджэр, любую песеньку, толькі не гэту! Эдзіт Грэйнджэр, вы вельмі прыгожая, і тушэ ў вас надзвычайнае, і голас глыбокі і гучны, — але толькі не гэту песеньку, якую яго закінутая дачка спявала яго памёршаму сыну!
Не! Ён яе не пазнае; а калі-б і пазнаў, дык якая песенька магла-б усхваляваць яго, жорсткага чалавека?
РАЗДЗЕЛ ХХІІ
Што-колечы аб кіраўніцтве містэра Каркера-загадчыка.
Містэр Каркер-загадчык сядзеў за канторкай, як заўсёды, прыгладжаны і ўкрадчывы, праглядаючы тыя пісьмы, якія яму належала распячатваць, робячы на іх адзнакі і ўказанні, якіх патрабаваў іх змест, і размяркоўваючы іх невялікімі пачкамі, каб