— Злы язычнік! — усклікнула місіс Ск'ютон. — Змоўкніце!
— Клеапатра прыказвае, — адказаў маёр, пасылаючы паветраны пацалунак, — і Антоній Бегсток слухаецца.
У гэты час Уітэрс змардаваны падаваў чай, а містэр Домбі зноў звярнуўся да Эдзіт.
— Як відаць, старонніх людзей тут амаль няма? — сказаў містэр Домбі ўласцівым яму велічным, джэнтльменскім тонам.
— Так, здаецца. Мы нікога не бачым.
— Ах, на самай справе, — адгукнулася са свайго ложа місіс Ск'ютон, — у сучасны момант тут няма людзей, з якімі нам хацелася-б сустракацца.
— Ім нехапае сэрца, — з усмешкай сказала Эдзіт. Змрочная ўсмешка — так дзіўна спалучаліся ў ёй святло і змрок.
— Як бачыце, любая Эдзіт насміхаецца нада мною! — сказала маці, ківаючы галавой, якая іншы раз ківалася мімаволі, нібы паралічнае дрыжэнне з'яўлялася час ад часу, пратэстуючы супроць брыльянтаў. — Злая!
— Калі не памыляюся, вы былі тут раней? — запытаў Домбі. Ён як і раней звяртаўся да Эдзіт.
— О, некалькі разоў. Здаецца, мы бывалі ўсюды.
— Прыгожая мясцовасць!
— К гонару для майго густу, мне надакучылі ваколіцы, — сказала яна.
— Напэўна, у вас ёсць для гэтага падставы, пані, — паглядаючы на мноства вісеўшых малюнкаў, у якіх ён пазнаў вакольныя пейзажы, — калі гэтыя цудоўныя малюнкі зроблены вамі.
Яна нічога яму не адказала і сядзела з выглядам пагардлівай красун!.
— Ці так гэта сапраўды? — запытаўся містэр Домбі. — Іх малявалі вы самі?
— Так.
— І вы граеце, як я ўжо ведаю?
— Так.
— І спяваеце?
— Так?
На ўсе гэтыя пытанні яна адказвала з дзіўнай неахвотай. Аднак, яна не была збянтэжана і зусім ўладала сабою. Не было ў яе, як відаць, і жадання ўхіляцца ад размовы, таму што яна паглядала на яго і — паколькі гэта было для яе магчыма — аказвала яму знакі ўвагі; яна не была меншай нават тады, калі ён маўчаў.
— Прынамсі ў вас шмат сродкаў супроць маркоты, — сказаў містэр Домбі.
— Якое-б ні было іх дзеянне, — адказвала яна, — цяпер вы ведаеце іх усе. Больш ў мяне няма ніякіх.