Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

штучна падбадзёрвае і падцягвае ўзрушальнае дзеянне залатога душа.

— У вас, здаецца, ёсць сын? — запытаў містэр Домбі.

— Чацвёра іх, сэр. Чацвёра і адна дзяўчынка. Усе жывуць.

— Ды ў вас-жа ледзь хапае сродкаў на іх утрыманне? — сказаў містэр Домбі.

— Ёсць яшчэ адна штука, сэр, якая мне зусім не па сродках.

— Што іменна?

— Страціць іх, сэр.

— Чытаць умееце? — запытаўся містэр Домбі.

— Ды так сабе, сэр.

— Пісаць?

— Крэйдай, сэр?

— Ды хоць чым.

— Бадай, што мог-бы як кольвечы абыйсціся і без крэйды, калі-б было патрэбна, — падумаўшы, сказаў Тудль.

— А вам-жа, я думаю, — сказаў містэр Домбі, — гадоў трыццаць два — трыццаць тры.

— Думаю, што прыкладна столькі, — адказваў Тудль, зноў падумаўшы.

— У такім выпадку, чаму-ж вы не вучыцеся? — запытаўся містэр Домбі.

— Ды вось я і збіраюся, сэр. Адзін з маіх хлапчукоў будзе навучаць мяне, калі падрасце і сам пойдзе ў школу.

— Так! — сказаў містэр Домбі, паглядзеўшы на яго ўважліва і не вельмі прыхільна, у той час як той стаяў, аглядаючы пакой (пераважна столь) і па-ранейшаму праводзячы рукой па губах. — Вы чулі, што я сказаў толькі што вашай жонцы?

— Полі чула, — адказаў Тудль, махнуўшы цераз плячо капелюшом у бок дзвярэй з выглядам поўнага давер’я да сваёй лепшай палавіны. — Усё як мае быць.

— З тае прычыны, што вы, відавочна, усё прадастаўляеце ëй, — сказаў Домбі, збіты з панталыку ў намеры яшчэ больш унушальна выказаць свой погляд мужу як мацнейшаму, — то, думаю, няма сэнсу гаварыць з вамі пра што-б там ні было.

— Абсалютна ніякага, адказаў Тудль. — Полі чула. А яна ужо не правароніць, сэр.

— У такім разе я вас больш не затрымліваю, — сказаў расчараваны містэр Домбі. — Дзе вы працавалі ўвесь час?

— Больш за ўсё пад зямлёю, сэр, пакуль не ажаніўся. Пасля я выбраўся на паверхню. Езджу па адной з гэтых чыгунак, з таго часу, як іх пусцілі ў ход.

Падобна да таго, як апошняя саломінка можа зламаць спіну нагружанага вярблюда, так гэта паведамленне аб падзямеллі зламала слабеючы дух містэра Домбі. Ён паказаў на дзверы мужу карміліцы свайго сына, калі той з ахвотай вышаў, містэр Домбі

17