Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не, сэр, — адказаў Тудль, круцячы ў руках сваю цыратавую кепку, — нам жывецца нядрэнна, сэр: у нас няма прычын наракаць на жыццё, сэр. З таго часу ў нас дабавіліся яшчэ чацвёра, сэр, але мы не гаруем.

Містэр Домбі хацеў-бы прабрацца да свайго вагона, хоць-бы для гэтага яму давялося збіць качагара пад колы, але ўвагу яго звярнула на сябе дэталь, што была на капялюшы, які той усё яшчэ павольна круціў у руках.

— Мы страцілі аднаго малютку, — сказаў Тудль, — гэтага нельга адмаўляць.

— Нядаўна, — дадаў містэр Домбі, пазіраючы на капялюш.

— Не, сэр, больш трох год прайшло, але ўсе астатнія здаровы. А што датычыць да чытання, сэр, — сказаў Тудль, яшчэ раз пакланіўшыся, нібы жадаючы напомніць містэру Домбі аб тым, што калісьці адбылося паміж імі з прычыны гэтага, — то мае хлопчыкі гуртам навучылі мяне ўрэшце. З мяне мае хлопчыкі зрабілі нядрэннага грамацея.

— Пойдзем, маёр! — сказаў містэр Домбі.

— Прашу прабачэння, сэр, — прадаўжаў Тудль, як і раней трымаючы капялюш у руцэ, ступіўшы ім насустрач і зноў пачціва іх спыняючы. — Я не стаў-бы вас турбаваць гэтай размовай, калі-б не хацеў пачаць гутарку пра майго сына Байлера — ахрышчан Робінам, — якога вы па дабраце сваёй зрабілі Літасцівым Тачыльшчыкам.

— Ну, і што-ж, шаноўны, — самым суровым сваім тонам сказаў містэр Домбі, — што з ім такое?

— Ды як-жа, сэр, — адказваў Тодль, ківаючы галавой з надзвычай устрывожаным і прыгнечаным выглядам, — трэба прызнацца, сэр, што ён збіўся з дарогі.

— Збіўся з дарогі? — перапытаў містэр Домбі з-нейкім жорсткім задавальненнем.

— Ён, ведаеце, джэнтльмены, трапіў у благую кампанію, — прадаўжаў бацька, дапытліва ўглядаючыся ў абодвух і відавочна ўцягваючы ў размову маёра ў надзеі на яго спачуванне. — Ён пераняў дрэнныя звычкі. Напэўна, гэта як-небудзь дайшло-б да вас, сэр, — сказаў Тудль, зноў звяртаючыся да містэра Домбі, — і ўжо лепш я сам усё выкажу і скажу, што мой хлопчык збіўся з дарогі. Полі з прычыны гэтага зусім прыгнечана, джэнтльмены, — сказаў Тудль з тым-жа панурым выглядам і яшчэ раз звяртаючыся да маёра.

— Сыну гэтага чалавека я пастараўся даць адукацыю, маёр, — сказаў містэр Домбі, беручы яго пад руку. — Звычайная ўзнагарода!

— Слухайцеся прамога старога Джо і ніколі не давайце адукацыі такога сорту людзям, сэр, — адказаў маёр. — Чорт пабяры, сэр, ад гэтага ніколі не бывае карысці! Гэта заўсёды мае кепскі канец!

203