— Бывайце, містэр Каркер! — з хваляваннем усклікнуў Уолтэр.
Нарэшце, няўмольны хранометр паказаў, што Уолтэр павінен павярнуцца спіной да Драўлянага Мічмана; і яны рушылі — ён сам, дзядзя і капітан — у наёмнай карэце да прыстані.
На «Сыне і Наследніку» была беганіна: парусы ляжалі на мокрай палубе, людзі спатыкаліся аб ненацягнутыя канаты, мітусіліся босыя матросы ў чырвоных сарочках, а ў самым цэнтры сумятні быў чорны кок у чорным камбузе, які завяз па вушы ў гародніне і поўаслеп ад дыму.
Капітан адразу-ж павёў Уолтэра ў куток і з вялікім намаганнем, ад якога твар у яго вельмі расчырванеўся, выцягнуў срэбны гадзіннік, які быў такі вялікі і так туга засунуты ў кішэню, што выскачыў адтуль, як утулка.
— Уольр, — сказаў капітан, працягваючы яго і шчыра паціскаючы яму руку, — развітальны падарунак, мой хлопчык. Пераводзьце яго на поўгадзіны назад кожную раніцу і прыкладна на чвэртку гадзіны вечарам, і гэтым гадзіннікам вы будзеце ганарыцца.
— Капітан Катль! Я не магу яго ўзяць! — закрычаў Уолтэр, стрымліваючы яго, бо той хацеў уцячы. — Калі ласка, забярыце яго. У мяне ёсць гадзіннік.
— У такім выпадку, Уольр, — сказаў капітан, раптам засунуўшы руку ў адну з кішэнь і выцягнуўшы дзве чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру, якімі ён узброіўся на выпадак такога адмаўлення, — вазьміце замест гадзінніка вось гэту дробязь з сталовага срэбра.
— Не, сапраўды не магу! — усклікнуў Уолтэр. — Тысячу разоў дзякую! Не выкідайце іх, капітан Катль! — бо капітан збіраўся шпурнуць іх за борт. — Вам яны спатрэбяцца значна больш, чым мне. Дайце мне ваш кій. Я часта думаў, што добра было-б мець такі. Ну, вось! Бывайце, капітан Катль! Шануйце дзядзю! Дзядзя Соль, ды благаславіць вас бог!
У мітусні яны пакінулі карабль, перш чым Уолтэру ўдалося яшчэ раз на іх зірнуць; а калі ён пабег на карму і паглядзеў ім услед, ён убачыў, што дзядзя сядзіць, пануры, у лодцы, а капітан Катль пастуквае яго па спіне велізарным срэбным гадзіннікам (напэўна, гэта было вельмі балюча) і бадзёра жэстыкулюе чайнымі лыжкамі і шчыпцамі для цукру. Убачыўшы Уолтэра, капітан Катль з поўным роўнадушшам упусціў свае каштоўнасці на дно лодкі, яўна забыўшыся аб іх існаванні, і, зняўшы глянцавіты капялюш, гучна вітаў яго. Глянцавіты капялюш вельмі эфектна ззяў на сонцы, і капітан не пакідаў махаць ім, пакуль не схаваўся з віду.