яго носам, якраз у полі яго зроку, з'явіліся Фларэнс і С'юзен Ніпер; Фларэнс не без страху зірнула яму ў твар і ўбачыла яго драўлянае напружанае вока.
Мала таго: яны ўвайшлі ў краму і падышлі да дзвярэй гасцінай нікім не заўважаныя, апрача Мічмана. І Уолтэр, які сядзеў спіною да дзвярэй, і цяпер не даведаўся-б аб іх з'яўленні, калі-б не ўбачыў, як дзядзька ўсхапіўся з крэсла і ледзь не паваліўся, наляцеўшы на другое крэсла.
— Ах, дзядзя! — крыкнуў Уолтэр. — Што здарылася?
Стары Саламон адказаў:
— Міс Домбі!
— Ці можа гэта быць? — усклікнуў Уолтэр, азірнуўшыся і ўсхапіўшыся ў сваю чаргу. — Тут?!
Так, гэта было і магчыма і несумненна, бо, не паспелі гэтыя словы вырвацца з яго вуснаў, як міма яго прабегла Фларэнс, схапіла дзядзьку Соля абодвума рукамі за адвароты табачнага колеру, моцна пацалавала яго ў шчаку і, павярнуўшыся, працягнула руку Уолтэру з простадушнай шчырасцю і сур'ёзнасцю, уласцівымі толькі ёй і больш нікому на свеце!
— Ад'язджаеце, Уолтэр? — сказала Фларэнс.
— Так, міс Домбі, — адказаў ён, але не так бадзёра, як-бы яму хацелася, — мне трэба рушыць у падарожжа.
— А ваш дзядзя, — сказала Фларэнс, азірнуўшыся на Саламона, — зразумела, ён засмучаны тым, што вы ад'язджаеце. Ах, я бачу, што так яно и ёсць! Дарагі Уолтэр, я таксама вельмі засмучана.
— Божа мой! — усклікнула міс Ніпер. — Столькі на свеце людзей, без якіх нам можна абыйсціся; вось, напрыклад, місіс Піпчын, як наглядчыцу, варта было-б набыць, а калі патрэбна ўменне абыходзіцца з чорнымі нявольнікамі, гэтыя Блімберы — самыя падыходзячыя людзі.
Гаворачы гэта, міс Ніпер развязала істужкі капялюшыка і, няўважліва глянуўшы ў маленькі чорны чайнік, які стаяў на стале разам са звычайным простым сервізам, трасянула галавой і бляшанай чайніцай і, не чакаючы просьбы, пачала заварваць чай.
Тым часам Фларэнс зноў павярнулася да інструментальнага майстра, які быў і зачарованы, і здзіўлены.
— Як вырасла! — сказаў стары Соль. — Якой прыгожай стала! І, аднак, не перамянілася! Усё такая самая!
— Няўжо? — сказала Фларэнс.
— Та-ак, — адказваў стары Соль, павольна паціраючы рукі і абмяркоўваючы гэтае пытанне ўпоўголаса, калі задуменны позірк бліскучых вачэй, накіраваны на яго, прыцягнуў яго ўвагу. — Так, той самы выраз на твары быў і ў больш юныя гады!
— Вы мяне памятаеце, — з усмешкай сказала Фларэнс, — памятаеце, якой малюткай я тады была?
— Дарагая мая юная лэдзі, — абазваўся інструментальны майстар, — ці мог я пра вас забыцца, калі я так часта пра вас