Здавалася, міс Токс так мала зразумела з гэтага адказу, што ëй цяжка было прадаўжаць размову. Але місіс Чык ёй дапамагла, пачаўшы ўважліва разглядаць Полі, дзяцей, шлюбнае пасведчанне і рэкамендацыі. З гэтых іспытаў Полі вышла непашкоджанай, пасля чаго місіс Чык накіравалася з дакладам да свайго брата і, у якасці яркай ілюстрацыі к дакладу і ў пацверджанне яго, узяла з сабой двух самых румяных маленькіх Тудляў — прозвішча падобнай з твару да яблыка сям’і было Тудль.
3 дня смерці жонкі містэр Домбі не выходзіў з свайго пакоя, аддаўшыся марам аб юнацтве, выхаванні і прызначэнні свайго дзіцяці-сына. Нешта прыгнятала яго жорсткае сэрца, нешта больш халоднае і цяжкае, чым звычайны яго цяжар; але гэта было ўсведамленне страты, панесенай хутчэй дзіцем, чым ім самім, якая абуджала ў ім амаль што не сумную прыкрасць. Было зневажальна і цяжка думаць, што жыццю і развіццю, на якія ён ускладаў такія надзеі, з самага-ж пачатку пагражае небяспека з прычыны адсутнасці такой нікчэмнай рэчы, што Домбі і Сын можа пахіснуцца з-за карміліцы. І, аднак, у сваёй ганарлівасці і рэўнасці ён з такой гаркатой думаў аб залежнасці — на першых-жа кроках да ажыццяўлення запаветнага жадання — ад наёмнай служанкі, якая часова будзе для яго дзіцяці ўсім тым, чым мог зрабіць яго ўласную жонку саюз з ім, што пры кожным новым адмаўленні кандыдатцы ён патаемна ў душы радаваўся. Але надышоў момант, калі ён не мог далей, хістацца паміж гэтымі двума пачуццямі. Тым больш, што не было, здавалася, ніякіх сумненняў у прыгоднасці Полі Тудль, аб якой паведаміла яго сястра, не паскупіўшыся на выхваленні нястомнай дружбы міс Токс.
— Дзеці з выгляду здаровыя, — сказаў містэр Домбі. — Але падумаць толькі, што калі-небудзь яны ўздумаюць прэтэндаваць на нейкае сваяцтва з Полем! Адвядзіце іх, Луіза! Пакажыце мне гэтую жанчыну і яе мужа.
Місіс Чык вынесла далікатную пару Тудляў і неўзабаве вярнулася з больш грубай парай, якую захацеў убачыць брат.
— Любезная, — сказаў містэр Домбі, паварочваючыся ў сваім крэсле ўсім тулавам, нібы ў яго не было канечнасцей і суставаў, — мне сказалі, што вы бедная і хочаце зарабляць грошы, наняўшыся карміліцай да маленькага хлопчыка, майго сына, які дачасна пазбаўлен той, каго ніколі не ўдасца замяніць. Я не пярэчу супроць таго, каб вы такім шляхам дапамагалі добрабыту вашай сям’і. Наколькі я магу меркаваць, вы робіце ўражанне прыстойна асобы. Але я павінен паставіць вам дзве-тры ўмовы, раней чым вы зоймеце гэтае месца ў маім доме. Пакуль вы будзеце тут жыць, я настойваю, каб вас заўсёды называлі… ну, скажам, Рычардс… прозвішча простае і