Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

барабанілі па падаконніку і звалі яго. Старэйшая дзяўчынка спускалася ў вестыбюль, брала яго за руку і вяла па лесвіцы, а пасля Фларэнс бачыла, як яна сядзіць каля яго або ў яго на каленах, або ласкава абдымае за шыю і размаўляе з ім; і хоць яны абодва былі заўсёды вясёлымі, ён часта ўглядаўся ў твар дачкі, нібы знаходзіў у ёй падабенства да маткі, якой не было на свеце. Часамі Фларэнс не магла больш глядзець і, заліўшыся слязмі, хавалася за фіранку, нібы спалохаўшыся, або хутка адыходзіла ад акна. Аднак, яна мімаволі варочалася назад; і работа, пра якую яна забылася, неўзабаве валілася ў яе зноў з рук.

Калі бацька канчаў абедаць, яна бачыла ў адчыненыя вокны, як яны спускаліся ўніз са сваёй гувернанткай або нянькай і збіраліся ля стала; а ў ціхія летнія дні іх дзіцячыя галасы і звонкі смех даляталі праз вуліцу ў сумны пакой, дзе яна сядзела. Пасля яны карабкаліся ўверх па лесвіцы разам з ім і забаўляліся каля яго на канапе або прыціскаліся да яго каленаў — сапраўдны букет маленькіх твараў, — калі ён, як відаць, расказваў ім нейкую гісторыю. Або яны выбягалі на балкон, і тады Фларэнс хутка хавалася, баючыся, што вясёласць іх будзе парушана, калі яны ўбачаць яе ў чорнай сукенцы, непарушную і адзінокую.

Старэйшая дзяўчынка аставалася з бацькам, калі малодшыя выходзілі, і гатавала яму чай — якой шчаслівай маленькай гаспадыняй была яна тады! — і сядзела, гутарачы з ім, іншы раз ля акна, іншы раз у глыбіні пакоя, пакуль не паяўляліся свечкі. Ён зрабіў яе сваім таварышом, хоць яна была на некалькі гадоў маладзей за Фларэнс; і за сваёй кніжачкай або рабочай скрыначкай яна ўмела быць паважнай і чароўна сур'ёзнай, як дарослая. Калі ім прыносілі свечкі, Фларэнс са свайго цёмнага пакоя не баялася пазіраць на іх. Але ў пэўны час дзяўчынка казала: «Добрай ночы, тата» і ішла спаць, а Фларэнс усхліпвала і дрыжэла, калі тая падымала да яго твар, і больш Фларэнс не магла глядзець.

Калі ўсе ў доме засыналі і агні ўсе былі патушаны, Фларэнс ціхенька выходзіла са свайго пакоя, бясшумна ступаючы, спускалася па лесвіцы і падыходзіла да дзвярэй бацькі. Да іх, ледзь дыхаючы, прысланялася яна тварам і галавой і з любоўю прыціскалася губамі. Кожную ноч яна апускалася перад дзвярыма на халодную падлогу ў надзеі пачуць хоць бы яго дыханне; і апанаваная адным вялікім жаданнем — паказаць яму сваю прывязанасць, быць уцяшэннем для яго, схіліць яго да таго, каб ён прыняў пяшчотнасць ад яе, свайго адзінокага дзіцяці, яна, калі-б адважылася, апусцілася-б перад ім на калені з пакорлівай просьбай.

Ніхто гэтага не ведаў. Ніхто аб гэтым не думаў. Дзверы заўсёды былі зачынены, і ён сядзеў замкнуўшыся. Разы два ён выходзіў, і ў доме гаварылі, што ён вельмі хутка паедзе за горад, але ён жыў у гэтых пакоях, жыў адзін, і ніколі яе не

182