— Я хачу, каб было зроблена зараз-жа.
— Гэта будзе зроблена зараз-жа, сэр.
— Як бачыце, трэба напісаць толькі імя і ўзрост.
Чалавек кланяецца, пазірае на паперу і нібы вагаецца. Містэр Домбі, не заўважаючы яго ваганняў, паварачваецца і накіроўваецца да выйсця.
— Прашу прабачэння, сэр, — рука асцярожна дакранаецца да траурнага плашча, — з той прычыны, што вы хочаце, каб гэта было зроблена зараз-жа, а гэта можна здаць у работу, калі я вярнуся…
— Так?
— Ці не хочаце вы прачытаць яшчэ раз? Мне здаецца, тут ёсць памылка.
— Дзе?
Ваяльнік аддае яму паперу і паказвае кішанёвай лінейкай на словы: «любімага і адзінага дзіцяці».
— Мне здаецца, лепш-бы было — «сына», сэр?
— Ваша праўда. Вядома. Выпраўце.
Бацька, паскорыўшы крокі, ідзе да карэты. Калі астатнія трое, якія ішлі за ім, займаюць свае месцы, твар яго ўпершыню закрыты — захінуты плашчом. І ў той дзень яны яго больш не бачаць. Ён выходзіць з экіпажа першым і адразу-ж ідзе ў свой пакой. Астатнія, хто прысутнічаў на пахаванні (гэта толькі містэр Чык і два дактары) ідуць наверх у гасціную, дзе іх прымаюць місіс Чык і міс Токс. А які твар ў чалавека ў замкнутым пакоі ўнізе, якія яго думкі, што ў яго на сэрцы, якія яго перажыванні і якія пакуты — ніхто не ведае. Увечары місіс Чык і міс Токс зноў бяруцца за рукадзелле. І ўвечары-ж містэр Таулінсон выходзіць падыхаць свежым паветрам разам з пакаёўкай, якая яшчэ не абнавіла свайго траурнага чапца. Яны вельмі пяшчотныя адзін да аднаго ў цёмных закутках, і Таулінсон марыць аб тым, каб жыць новым і бездакорным жыццём у якасці саліднага зеленшчыка на Оксфорд-Маркет.
У гэту ноч у доме містэра Домбі спяць мацней і спакойней, чым на працягу многіх начэй. Ранішняе сонца абуджае па-ранейшаму ўвесь дом, і зноў усе ўваходзяць у ранейшую сваю каляю. Румяныя дзеці, што жывуць насупраць, прабягаюць міма са сваімі абручамі. У царкве пышнае вяселле. Каменацёс спявае і высвіствае, высякаючы на пакладзенай перад сабою мрамарнай пліце: «П-О-Л-Ь».
— Любае маё дзіця, — сказала місіс Чык, якая лічыла абавязкам, на яе ўскладзеным, скарыстаць зручны выпадак, — калі вы дасягнеце майго ўзросту…
— Гэта значыць, будзеце ў самай красе, — уставіла міс Токс.
— Тады вы даведаецеся, — прадаўжала місіс Чык, далікатна паціскаючы руку міс Токс у падзяку за сяброўскую заўвагу, — тады вы даведаецеся, што смутак бескарысны і што наш абавязак — пакарыцца…