вядае пра тое, як яна заўсёды гаварыла місіс Піпчын, што гэта павінна здарыцца, і п'е сталовага эля больш, чым звычайна, і вельмі сумная, але гаваркая. У такім-жа самым настроі кухарка. Яна абяцае смажанае мяса на вячэру і стараецца перамагчы як сваю адчувальнасць, так і ўедлівы пах цыбулі. Таулінсон бачыць у гэтым пасланне лёсу. Ім усім здаецца, што гэта здарылася вельмі даўно, хоць хлопчык усё яшчэ ляжыць, ціхі і прыгожы, на сваім ложку.
На змроку прыходзяць нейкія госці, бясшумна, у лямцавых туфлях, якія былі тут раней, і разам з імі з'яўляецца гэта пасцель спачыну, такая нязручная пасцель для заснуўшых дзяцей. Бацьку, якога пасягнула цяжкая страта, не бачыў увесь гэты час нават яго слуга, бо ён сядзіць у кутку свайго цёмнага пакоя, калі хто-небудзь туды заходзіць, а ў іншы час, здаецца, толькі тое і робіць, што ходзіць узад і ўперад. Раніцою дамачадцы перашэптваюцца аб тым, што сярод ночы чулі, як ён падняўся наверх і быў там — у пакоі — пакуль не ўзышло сонца.
Вось румяныя дзеці, якія жывуць супроць дома містэра Домбі, глядзяць з вокан свайго дзіцячага пакоя ўніз на вуліцу, таму што там, ля яго дзвярэй, стаяць чатыры чорныя кані, запрэжаныя ў экіпажы, з пер'ямі на галаве і пер'е калышацца на экіпажы; і гэтае пер'е і шарэнга людзей з шарфамі і посахамі прыцягваюць натоўп.
А вось паўз групку слуг у трауры і жанчын, што плакалі, містэр Домбі праходзіць праз вестыбюль і накіроўваецца да другога экіпажа, які яго чакае. Ён не «раздушан» горам і адчаем, думаюць гэтыя гледачы. Хада яго таксама ўпэўненая, выгляд таксама ганарысты, як гэта было заўсёды. Ён не хавае твара ў насавую хустачку і пазірае проста перад сабою. Хоць твар у яго крыху змардаваны, суровы і бледны, але выраз яго не змяніўся. Ён займае месца ў экіпажы, і за ім садзяцца яшчэ трое джэнтльменаў. Пасля ўрачыстая пахавальная працэсія павольна рушыць па вуліцы.
Пер'е пасоўваецца сваім панурым шляхам па вуліцах і вось ужо чуваць гукі звону. У гэтай самай царкве прыгожанькі хлопчык атрымаў усё, што астанецца неўзабаве ад яго на зямлі, — імя. Тое, што памерла, кладуць тут, недалёка ад сатлелых астанкаў яго маці. Гэта добра. Іх прах ляжыць там, дзе Фларэнс у час сваіх прагулак — о, адзінокія, адзінокія прагулкі! — можа праходзіць кожны дзень.
Калі скончылася служэнне і свяшчэннік пайшоў, містэр Домбі азіраецца і пытае, ці тут чалавек, якому загадана было з'явіцца па інструкцыі адносна надмагільнай таблічкі.
Нехта выступае ўперад і кажа: «Тут».
Містэр Домбі гаворыць, дзе ён хацеў бы яе змясціць, паказвае яму рукой на сцяне яе форму і памер і тлумачыць, што яна павінна быць побач з таблічкай яго маткі. Затым ён піша алоўкам тэкст, аддае яму і кажа: