Як толькі я гэта пачула і атрымала пацверджанне ад наглядчыцы, — вельмі добрая рэкамендацыя, беззаганны характар, — адразу, дарагая мая, я ўзяла адрас і зноў у дарогу.
— Як гэта вам падыходзіць, любая, добрая Токс! — сказала Луіза.
— Зусім не, — адказвала міс Токс. — Не кажыце гэтага. Увайшоўшы ў дом, — беззаганная чыстата, дарагая мая, абедаць можна проста на падлозе, — я застала ўсю сям’ю за сталом і адчуваючы, што ніякі расказ вас і містэра Домбі так не заспакоіць, як від іх усіх разам, я прывезла іх сюды. Гэты джэнтльмен, — прадаўжала міс Токс, паказваючы на мужчыну з тварам, падобным да яблыка, — бацька. А можа-б вы прайшлі ўперад, сэр?
Мужчына з тварам, падобным да яблыка, збянтэжана падначаліўшыся гэтаму патрабаванню, заняў месца ў першым радзе, пасмейваючыся і ухмыляючыся.
— Гэта, зразумела, яго жонка, — сказала міс Токс, паказваючы на жанчыну з дзіцём. — Як пажываеце, Полі?
— Вельмі добра, дзякую вам, пані, — сказала Полі.
— Вельмі рада гэтаму, сказала міс Токс. — Другая маладая жанчына — яе незамужняя сястра, якая з імі жыве і будзе даглядаць іх дзяцей. Яе завуць Джэмайма. Як пажываеце, Джэмайма?
— Вельмі добра, дзякую вам, пані, — адказала Джэмайма.
— Вельмі рада гэтаму, — сказала міс Токс. Спадзяюся, так будзе і далей. Пяцёра дзяцей. Малодшаму шэсць тыдняў. Гэты слаўны хлопчык з пухіром на носе — старэйшы. Спадзяюся, — дадала міс Токс, акінуўшы позіркам сям’ю, — пухір у яго не ад прыроды, а ўсхапіўся выпадкова?
Можна было ўчуць, што мужчына з тварам, падобным да яблыка, прахрыпеў: «Прас».
— Прашу прабачэння, сэр, — сказала міс Токс, — вы кажаце…
— Прас, — паўтарыў ён.
— Ах, так! — сказала міс Токс. — Правільна. Я забылася. Хлапчук, калі адсутнічала матка, панюхаў гарачы прас. Вы правільна заўважылі сэр. Калі мы пад’ехалі к дому, вы збіраліся любезна паведаміць мне, што па прафесіі вы…
— Качагар, — сказаў мужчына.
— Скуралуп, — з жахам усклікнула міс Токс.
— Качагар, — паправіў мужчына. — На паравозе.
— А! Так! — адазвалася міс Токс, пазіраючы на яго глыбокадумна і як быццам усё яшчэ не зусім разумеючы, што гэта азначае. — А як вам гэта падабаецца, сэр?
— Што, пані? — запытаўся мужчына.
— Вось гэта, — сказала міс Токс. — Ваша прафесія.
— Так сабе, пані. Іншы раз попел забіваецца сюды, — ён паказаў на грудзі, — і голас робіцца сіпатым, вось як цяпер. Але гэта ад попелу, пані, а не ад грубасці.