— Вядома, не знайшла, — адказала місіс Чык, — і бадай ці знайду, як я магу прадбачыць. А тым часам дзіця, вядома…
— Адправіцца да ўсіх чарцей, — глыбокадумна заўважыў містэр Чык. — Бясспрэчна.
Аднак, паведамлёны аб сваім промаху тым абурэннем, якое адлюстравалася на твары місіс Чык ад думкі аб якім-бы там ні было Домбі, які накіроўваецца ў такія месцы, і спадзеючыся загладзіць сваю памылку бліскучай ідэяй, ён дадаў:
— Ці не можна часова пакарыстацца чайнікам?
Калі ў яго быў намер хутчэй скончыць размову, ён не мог-бы зрабіць гэта з большым поспехам.
Кінуўшы на яго позірк, які выказваў маўклівую пакорлівасць лёсу, місіс Чык велічна прайшла да акна і паглядзела праз фіранку, зацікаўленая стукам калёс. Містэр Чык, пераканаўшыся, што ў сучасны момант лёс супроць яго, не сказаў больш ні слова і пайшоў.
Міс Токс прыехала на калёсах, якія толькі што ўпаміналіся, і ўварвалася ў пакой, цяжка дыхаючы.
— Дарагая мая Луіза, — сказала міс Токс, — месца яшчэ не занята?
— Не, добрая вы душа, — адказвала місіс Чык.
— У такім выпадку, дарагая мая Луіза, — прадаўжала міс Токс, — я веру і спадзяюся… Але пачакайце хвілінку, дарагая мая, я прадстаўлю вам зацікаўлены бок.
Збегшы ўніз з такою-ж хуткасцю, з якой узбегла наверх, міс Токс высадзіла зацікаўлены бок з наёмнай карэты і неўзабаве вярнулася ведучы яго пад канвоем.
Міс Токс эскартыравала пухлую і румяную, квітнеючую маладую жанчыну з тварам, падобным да яблыка, якая трымала на руках дзіця; жанчыну яшчэ маладзейшую, не такую пухлую, але таксама з тварам, падобным да яблыка, якая вяла за рукі пухлых дзяцей з тварамі, падобнымі да яблыкаў; яшчэ аднаго пухлага хлопчыка, таксама з тварам, падобным да яблыка, які ішоў самастойна; і, нарэшце, пухлага мужчыну, з тварам, падобным да яблыка, які нёс на руках яшчэ аднаго пухлага хлопчыка з тварам, падобным да яблыка, якога ён апусціў на падлогу і хрыплым шэптам загадаў яму «ўхапіцца за брата Джоні».
— Любая Луіза, — сказала міс Токс, — ведаючы аб вашым вялікім неспакоі і жадаючы вас выручыць, я накіравалася ў Каралеўскі Прытулак для замужніх жанчын каралевы Шарлоты, пра які вы забыліся, і запыталася, ці няма там каго-небудзь, хто, на іх думку, мог-бы падыйсці. Не, сказалі яны, такіх няма. Запэўняю вас, дарагая мая, калі яны далі такі адказ, мяне ледзь не апанавала роспач. Але здарылася так, што адна з Каралеўскіх Замужніх Жанчын, пачуўшы маë пытанне, напамянула наглядчыцы пра адну асобу, якая вярнулася к сабе дадому і якая, на яе погляд, напэўна, падыйдзе.