Людзі вакол яго змяняліся таксама незразумела, як у той першы вечар у доме доктара Блімбера, — усе, апрача Фларэнс; Фларэнс ніколі не мянялася; а той, хто быў сэрам Паркерам Пепсам, ператвараўся пасля ў бацьку, які сядзеў, падпіраючы галаву рукой. Старая місіс Піпчын, што драмала ў крэсле, часта ператваралася ў міс Токс або ў цётку; і Поль задавальняўся тым, што зноў заплюшчваў вочы і спакойна чакаў, што будзе далей. Але гэта фігура варочалася назад так часта, аставалася так доўга, сядзела так нерухома і ўрачыста, ні з кім не размаўляючы — з ёю таксама не гаварылі, — і рэдка падымаючы твар, што Поль стомлена пачаў разважаць аб тым, ці існуе яна, і, калі бачыў яе, як яна сядзела тут уночы, яму рабілася страшна.
— Флой! — сказаў ён. — Што гэта?
— Дзе, любы?
— Там! у нагах ля ложка.
— Там нікога няма, апрача таты!
Фігура падняла галаву, устала і, падышоўшы да ложка, сказала:
— Родны мой! Хіба вы не пазнаеце мяне?
Поль паглядзеў ёй у твар і падумаў: няўжо гэта яго бацька? Але твар, які так змяніўся, зморшчыўся, нібы ад болю, і не паспеў ён працягнуць абедзве рукі, каб абхапіць яго і прыцягнуць да сябе, як фігура хутка адышла ад ложка і знікла ў дзвярах.
Поль з вялікім хваляваннем глянуў на Фларэнс, але ён ведаў, што яна хоча сказаць, і спыніў яе, прыціснуўшыся тварам да яе губ. Заўважыўшы ў наступны раз гэту фігуру, якая сядзела ў нагах ля ложка, ён сказаў да яе:
— Не бядуйце аба мне, любы тата! Дапраўды я зусім шчаслівы!
Калі бацька падышоў да яго і нахіліўся, — ён гэта зрабіў хутка і не спыняючыся раней ля ложка, — Поль абняў яго за шыю і паўтарыў гэтыя словы некалькі разоў і вельмі сур'ёзна; і з таго часу, калі-б Поль ні бачыў яго ля сябе ў пакоі, было гэта ўдзень ці ўночы, ён заўсёды гаварыў: «Не бядуйце аба мне! Дапраўды-ж, я зусім шчаслівы!» Вось тады-ж ён і пачаў гаварыць раніцамі, што яму значна лепш, і прасіць, каб яны перадалі гэта бацьку.
Колькі разоў залатая вада струменіла па сцяне, колькі ночаў цёмная-цёмная рака, не зважаючы на яго, каціла свае воды да акіяна, Поль не лічыў, не спрабаваў даведацца.
Аднаго разу ўночы ён разважаў аб матцы і яе партрэце ў гасцінай унізе і падумаў, што, мусіць, яна любіла Фларэнс больш, чым бацька, калі трымала яе ў сваіх абдымках, калі адчула, што памірае, бо нават у яго, яе брата, які так горача яе любіў, не магло быць больш моцнага жадання. Па ходу