Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лэдзі, так красамоўна прадстаўленая, была доўгавязай, хударлявай асобай, якая вызначалася такім завяўшым выглядам што, здавалася, на яе не было адпушчана спачатку тое, што гандляры палатном называюць «трывалымі фарбамі», і яна патроху выліняла. Каб не было гэтага, яе можна было-б назваць, самым дасканалым узорам ласкі і ветлівасці. Ад доўгай прывычкі ў захапленні прыслухоўвацца да ўсяго, што гаворыцца пры ёй, і глядзець на тых, якія гавораць так, нібы яна ў думках адлюстроўвае іх вобразы ў сваёй душы, каб не расставацца з імі праз усё жыццё, галава ў яе зусім схілілася да пляча. Рукі сударгава паднімаліся самі па сабе ў невыяўным захапленні. Вочы былі пад уладай таго-ж пачуцця. У яе быў надзвычай саладжавы голас, а на носе, страшэнна арліным, красаваўся гузак у самым цэнтры пераносіцы, адкуль нос загінаўся ўніз, да твара, нібы прыняўшы непахіснае рашэнне ніколі і ні пры якіх акалічнасцях не задзірацца.

Сукенка міс Токс, элегантная і прыстойная, была, між іншым, некалькі мешкаватая і ўбогая. Яна мела звычай насіць дзіўныя паблеклыя кветачкі на капелюшах і чапцах. Невядомыя травы паяўляліся іншы раз у яе валасах, і было адзначана дапытлівымі, што ва ўсіх яе каўнерыках, аборачках, касынках, рукаўчыках і іншых паветраных прыладах туалета — па сутнасці ва ўсіх рэчах, якія яна насіла і якія мелі два канцы, якім належала злучыцца, гэтыя два канцы ніколі не бывалі ў добрых адносінах і не згаджаліся сыйсціся без барацьбы. Зімой яна насіла футры-палярыны, боа і муфты, на якіх волас нястрымна тапырыўся і ніколі не быў прыгладжаны. Яна захаплялася невялікімі рэдыкюлямі з замочкамі, якія, пры закрыванні, стралялі, нібы маленькія пісталеты, і, прыбраўшыся ў параднае плацце, яна адзявала на шыю нікчэмны медальён, на якім было намалявана мутнае, старое вока, пазбаўленае якога-б там ні было выразу. Гэтыя і іншыя падобныя прыкметы дапамагалі распаўсюджанню чутак, што міс Токс была, як кажуць, лэдзі з абмежаванымі сродкамі, пры якіх яна выкручвалася на ўсе лады.

— Запэўняю вас, — сказала міс Токс, робячы надзвычайны рэверанс, — што гонар быць прадстаўленай містэру Домбі з’яўляецца адзнакай, якой я даўно дамагалася, але ў гэты момант зусім не чакала. Дарагая місіс Чык… ці маю права назваць вас Луіза?

Місіс Чык узяла міс Токс за руку, прыхіліла да яе рукі сваю чарку, праглынула слязу і ціхім голасам сказала:

— Благаславі вас бог!

— Дарагая мая Луіза, — прагаварыла міс Токс, — мой любы друг, як вы сябе адчуваеце цяпер?

— Лепш, — адказвала місіс Чык. — Выпіце віна. Вы хваляваліся амаль таксама, як і я, і, бясспрэчна, адчуваеце ў ім патрэбу.

Вядома, містэр Домбі выканаў абавязак гаспадара.

8