Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якім на таблічцы ўжо было напісана прыгожым, круглым почыркам — ніжняя частка літар вельмі тоўста, верхняя — вельмі тонка — «ДОМБІ», у той час як над двума другімі ложкамі ў тым-жа пакоі было напісана такім самым чынам аб тым, што яны належаць Брыгсу і Тозеру.

Як толькі яны зноў спусціліся ў вестыбюль, Поль убачыў, што падслепаваты малады чалавек, які прычыніў смяротную крыўду місіс Піпчын, раптам схапіў вельмі вялікую барабанную, палку і накінуўся на гонг[1], што вісеў тут, нібы звар’яцеў або прагнуў помсты. Аднак, замест таго, каб быць зволеным або пасаджаным зараз-жа пад стражу, малады чалавек, які ўтварыў страшэнны шум, зусім не быў пакараны. Тады Карнелія Блімбер сказала Домбі, што абед будзе паданы праз чвэртку гадзіны, і прапанавала яму прайсці ў класны пакой, да сваіх «сяброў».

Такім чынам, Домбі, пачціва прайшоўшы міма вялікага гадзінніка, які па-ранейшаму гарэў жаданнем даведацца, як ён маецца, ледзь-ледзь прыадчыніў дзверы класнай, вышмыгнуў у іх, нібы дзіця, якое заблудзілася, і не без цяжкасці зачыніў іх за сабою. Усе яго сябры сланяліся па пакоі, за выключэннем акамянелага сябра, які аставаўся нерухомым. Містэр Фідэр пацягваўся ў сваёй шэрай мантыі, нібы, не клапоцячыся аб страце, парашыў вырваць рукавы.

— Хей-хо-хо-хаа! — усклікнуў містэр Фідэр, устрасаючыся, як ламавы конь. — Ах, божа мой! Божа мой! А-а-а!

Поль нават спалохаўся ад пазяхання містэра Фідэра: гэта было зроблена ў такім гіганцкім маштабе і з такой устрашальнай сур’ёзнасцю. Усе хлопчыкі (за выключэннем Тутса) здаваліся змучанымі і рыхтаваліся да абеду — адны перавязвалі нанова гальштукі, надзвычай тугія, а другія мылі рукі або прыгладжвалі валасы ў сумежнай прахожай, — нібы не чакалі ад яго ніякай прыемнасці.

Малады Тутс быў ужо гатовы, і з тае прычыны, што яму не было чаго рабіць і аставаўся час, які ён мог улучыць Полю, ён сказаў з няўклюжым добрадушшам:

— Садзіцеся, Домбі.

— Дзякую вам, сэр, — сказаў Поль.

Ён паспрабаваў ускарабкацца на вельмі высокі падаконнік, але ссоўваўся з яго ўніз, і гэта, відаць, падрыхтавала розум Тутса да адкрыцця.

— Вы надта маленькі хлопчык, — сказаў містэр Тутс.

— Так сэр, я маленькі, — адказаў Поль. — Дзякую вам, сэр.

Таму што Тутс падняў і пасадзіў яго і да таго-ж зрабіў гэта ласкава.


  1. Гонг — музычны інструмент, што нагадвае таз, па якім б’юць палкамі; служыць у Англіі для падачы сігналу замест званка.

114