са старым Глабам. Мне-б хацелася, каб вы сказалі старому Глабу прыйсці мяне наведаць, будзьце настолькі ласкавы.
— Якое абураюча вульгарнае імя! — сказала місіс Блімбер. — У вышэйшай ступені не класічнае! Хто гэты страшыдла, дзетка?
— Якое страшыдла? — запытаўся Поль.
— Глаб, — сказала місіс Блімбер з вялікай агідай.
— Яно такое-ж страшыдла, як і вы, — абвясціў Поль.
— Што такое? — страшэнным голасам зароў доктар. — Ай-ай-ай! Ага! Гэта што такое?
Поль вельмі перапалохаўся, але тым не менш пачаў абараняць адсутнага Глаба, хоць пры гэтым увесь дрыжэў.
— Ён вельмі добры стары, пані, — сказаў ён. — Ён вазіў маю калясачку. Ён ведае ўсё пра акіян і пра рыб, якія ў ім вядуцца, і пра велізарных пачвар, якія выпаўзаюць на скалы і грэюцца на сонцы і зноў ныраюць у ваду, калі іх спудзіць, і так сапуць і плёскаюць, што чуваць яны за шмат міль. Ёсць там жывёлы, — прадаўжаў Поль, захапляючыся сваім расказам, — не ведаю, колькі ярдаў[1] у даўжыню, і забыўся, як яны называюцца, але Фларэнс гэта ведае, якія прытвараюцца, нібы ім пагражае бяда, а калі чалавек з жаласці набліжаецца да іх, яны разяўляюць вялізныя свае пашчы і нападаюць на яго. Але ўсё, што яму трэба рабіць, — прадаўжаў Поль, адважна паведамляючы гэтыя весткі самому доктару, — гэта зварачваць на бягу то ў той, то ў другі бок, і тады ён абавязкова ад іх уцячэ, таму што яны такія доўгія і паварачваюцца марудна. І хоць стары Глаб не ведае, чаму мора прымушае мяне думаць аб маёй маме, якая памерла, і аб чым гэта яно заўсёды гаворыць — заўсёды гаворыць! — але ўсё-такі ён ведае пра яго вельмі многа. І я хацеў-бы, — закончыла дзіця, якое раптам засмуцілася і забылася пра сваё ажыўленне, разгублена паглядзеўшы на тры незнаёмыя твары, — каб вы дазволілі старому Глабу прыходзіць сюды да мяне, таму што я яго вельмі добра ведаю і ён мяне ведае.
— Так! — сказаў доктар, ківаючы галавой. — Гэта кепска, але навука сваю справу зробіць.
Місіс Блімбер з некаторым уздрыганнем выказала думку, што ён няўцямнае дзіця, і, прымаючы пад увагу непадабенства асоб, паглядзела на яго амаль таксама, як бывала глядзела місіс Піпчын.
— Прайдзіцеся з ім па ўсяму дому, Карнелія сказаў доктар, — і пазнаёмце яго з новым акружэннем. Ідзіце з гэтай маладой лэдзі, Домбі.
Домбі паслухаўся, працягнуў руку загадкавай Карнеліі і паглядаючы на яе коса з нясмелай цікаўнасцю, калі яны разам вышлі, бо акуляры з пабліскваючымі шкламі рабілі яе такой таямнічай, што ён не ведаў, куды яна глядзіць, і, па сутнасці, быў не зусім упэўнены ў тым, што за імі ёсць у яе вочы.
- ↑ Ярд — англійская мера даўжыні — 9/10 метра.