раней чым паспела схапіць Фларэнс. Гэтай шчаслівай выпадковасці Поль быў абавязан пасля прыемным успамінам аб тым, як Фларэнс бягом вярнулася да яго, каб абвіць рукамі яго шыю, і яе твар быў апошнім, які мільгануў у дзвярах, твар, павернуты да яго з падбадзёрваючай усмешкай, якая здавалася яшчэ святлейшай дзякуючы слязам, праз якія яна ззяла.
Вось чаму яго дзіцячыя грудзі падымаліся, калі знікла ўсмешка, а глобусы, кнігі, сляпы Гамер і Мінерва паплылі па пакоі. Але раптам яны спыніліся, і тады ён пачуў гучны гадзіннік у вестыбюлі, які сур’ёзна пытаўся: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?»
Злажыўшы накрыж рукі, ён сядзеў на сваім п’едэстале і моўчкі прыслухоўваўся. Але ён мог-бы адказаць: — «Змарыўся, змарыўся! Вельмі адзінокі, вельмі сумна!»
Праз некалькі хвілін, якія маленькаму Полю Домбі, што сядзеў на стале, здаліся бясконцымі, доктар Блімбер вярнуўся. Паходка доктара Блімбера была велічная і разлічана на тое, каб унушаць юнацкім розумам урачыстыя пачуцці. Гэта было нешта накшталт маршыроўкі; але калі доктар Блімбер выцягваў правую нагу, ён з гонарам паварачваўся вакол сваёй асі, робячы поўабарот налева; а выцягваючы лёвую нагу, ён такім-жа манерам паварачваўся направа.
Місіс Блімбер і міс Блімбер вярнуліся разам з доктарам у пакой, і доктар Блімбер, зняўшы новага вучня са стала, перадаў яго міс Блімбер.
— Карнелія, — сказаў доктар, — першы час Домбі будзе пад вашай апекай. Развівайце, яго, Карнелія, развівайце.
Міс Блімбер прыняла свайго юнага выхаванца з рук доктара і Поль, адчуваючы, што акуляры назіраюць за ім, апусціў вочы.
— Колькі вам гадоў, Домбі? — запыталася міс Блімбер.
— Шэсць, — адказаў Поль, глянуўшы цішком на маладую лэдзі і здзівіўшыся, чаму валасы ў яе не такія доўгія, як у Фларэнс, і чаму яна падобна да хлопчыка.
— Што вы ведаеце з лацінскай граматыкі, Домбі? — запыталася міс Блімбер.
— Нічога, — адказаў Поль. Адчуўшы, што такі адказ наносіць удар адчувальнасці міс Блімбер, ён паглядзеў знізу ўверх на тры твары, якія глядзелі на яго зверху ўніз, і сказаў:
— Я быў нездаровы. Я быў слабым дзіцем. Я не мог вучыць лацінскую граматыку, калі кожны дзень праводзіў на паветры