Пакуль іх не было, Поль сядзеў на стале, трымаючы за руку Фларэнс, баязліва паглядаючы на доктара і акідаючы поглядам пакой, у той час як доктар, адкінуўшыся на спінку крэсла і заклаўшы па сваёй звычцы руку за адварот фрака, трымаў перад сабой у другой выцягнутай руцэ кнігу і чытаў.
Неўзабаве пачулася, як містэр Домбі і яго спадарожніцы, размаўляючы, спускаюцца ўніз, а затым яны зноў увайшлі ў кабінет доктара.
— Спадзяюся, містэр Домбі, — сказаў доктар, паклаўшы на стол кнігу, — нашы парадкі вам спадабаліся?
— Яны надзвычайныя, сэр, — сказаў містэр Домбі.
— Сапраўды, вельмі нядрэнныя, — ціхім голасам прагаварыла місіс Піпчын, зусім не маючы намеру надта хваліць.
— З вашага дазволу, доктар і місіс Блімбер, — павярнуўшыся, сказаў містэр Домбі, — час ад часу місіс Піпчын будзе наведваць Поля.
— Калі толькі захоча місіс Піпчын, — заўважыў доктар.
— Заўсёды рады яе бачыць, — сказала місіс Блімбер.
— Здаецца, — сказаў містэр Домбі, — я нарабіў многа клопатаў і магу адкланяцца. Поль, дзіця маё, — ён падышоў блізка да стала, на якім той сядзеў, — бывайце.
— Бывайце, тата.
Вяла і неахайна працягнутая ручка, якую ўзяў містэр Домбі, дзіўна не адпавядала напружанаму твару. Але містэр Домбі не меў ніякіх адносін да гэтага журботнага выразу твара. Ён павернуты быў не да яго. Не, не! Да Фларэнс — усё для Фларэнс!
Ён нахіліўся да сына і пацалаваў яго. Калі вочы яго былі пры гэтым затуманены чымсьці, што на секунду засланіла маленькі тварык і зрабіла яго расплыўчатым, разумовы яго позірк, магчыма, зрабіўся больш зыркім на гэты кароткі момант.
— Хутка я вас убачу, Поль. Вы вольны па суботах і нядзелях.
— Так, тата, — адказаў Поль, пазіраючы на сястру. — Па суботах і па нядзелях.
— І вы пастараецеся многаму навучыцца тут і стаць разумным мужчынам, — сказаў містэр Домбі. — Хіба не праўда?
— Пастараюся, — стомлена адказала дзіця.
— І цяпер вы хутка будзеце дарослым, — сказаў містэр Домбі.
— О, вельмі хутка! — адазвалася дзіця.
І зноў старэчы, старэчы выраз прамільгнуў на яго твары. Пагладзіўшы яго па галаве і яшчэ раз паціснуўшы яго маленькую ручку, містэр Домбі са звычайнай сваёй лядзянай ветлівасцю развітаўся з доктарам Блімберам, місіс Блімбер і міс Блімбер і вышаў з кабінета.
Не гледзячы на просьбу не турбавацца, доктар Блімбер, місіс Блімбер і міс Блімбер паспяшаліся ўперад, каб праводзіць яго да вестыбюля, з прычыны чаго місіс Піпчын апынулася заціснутай паміж міс Блімбер і доктарам і была выпіхнута з кабінета,