Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Овідый[1], Терэнцій, Плаўт[2], Цыцэрон. Якое багацце мёду! Містэру Домбі, магчыма, здасца дзіўным, што тая, хто з’яўляецца жонкай... жонкай такога мужа...

— Ціха, ціха, — сказаў доктар Блімбер. — Які сорам!

— Містэр Домбі прабачыць за староннасць жонкі, — сказала місіс Блімбер з чароўнай усмешкай.

Містэр Домбі адказваў: «Зусім не», адносячы гэтыя словы, трэба думаць, да староннасці, а не да прабачэння.

— І можа здацца дзіўным, што тая, хто з’ўляецца таксама і маткай... — прадаўжала місіс Блімбер.

— І якой маткай! — заўважыў містэр Домбі з паклонам, невыразна думаючы, што робіць ласку Карнеліі.

— Але, дапраўды-ж, — прадаўжала місіс Блімбер, — мне здаецца, калі-б я магла пазнаёміцца з Цыцэронам, я памерла-б шчаслівай.

Карнелія пазірала праз акуляры на містэра Домбі, нібы не супраць была пахваліцца перад ім некалькімі цытатамі з памянёнага аўтара. Але намер гэты, калі ён узнік у яе, быў разбураны стукам у дзверы.

— Хто там? — запытаўся доктар. — О! Заходзьце, Тутс, заходзьце! Містэр Домбі, — Тутс пакланіўся, — гэта наш старэйшы вучань, містэр Домбі.

Доктар мог яго назваць старэйшым і даўжэйшым, бо ўсе астатнія ледзь даходзілі яму да плячэй. Ён вельмі пачырванеў, апынуўшыся ў незнаёмай грамадзе, і моцна захіхіхаў.

— Тутс, — сказаў доктар, — пазнаёмцеся з сынам містэра Домбі.

Малады Тутс зноў пачырванеў і, пераканаўшыся, мяркуючы па запанаваўшаму глыбокаму маўчанню, што ад яго чакаюць нейкіх слоў, сказаў Полю: «Як маецеся?» такім нізкім басам і з такім нясмелым выглядам, што было-б не больш дзіўным, калі-б забляяла ягнё.

— Калі ласка, папрасіце містэра Фідэра, Тутс, — сказаў доктар, — падрыхтаваць некалькі пачатковых падручнікаў для сына містэра Домбі і адвесці яму выгоднае месца для заняткаў. Дарагая мая, здаецца, містэр Домбі не бачыў дартуараў.

— Калі містэр Домбі падымецца наверх, — сказала місіс Блімбер, — я палічу за гонар паказаць яму ўладанні наводзячага сон бога.

Услед за гэтым місіс Блімбер, якая была досыць пачцівай лэдзі моцнага складу і насіла чапец з нябесна-блакітнай матэрыі, пайшла наверх з містэрам Домбі і Карнеліяй; місіс Піпчын ішла за імі і зырка аглядалася па баках, ці не відаць дзе яе ворага-лакея.


  1. Віргілій, Гарацый, Овідый — найвялікшыя рымскія паэты, якія жылі ў І ст. да н. э.
  2. Терэнцій, Плаўт — лепшыя рымскія камедыёграфы (аўтары камедый), якія жылі ў III–II ст. да н. э.

109