— Як вы адважыліся смяяцца за спіной джэнтльмена? — сказала місіс Піпчын. — І за каго вы мяне лічыце?
— Я ні з каго не смяюся, і, дапраўды, я вас ні за каго не лічу, пані, — напалохана адказаў малады чалавек.
— У чым справа, місіс Піпчын? — запытаўся, азірнуўшыся, містэр Домбі. — Цішэй! Прашу вас!
Доктар сядзеў у сваім велічным кабінеце, маючы па глобусу ля кожнага калена, вакол кнігі, Гамера[1] над дзвярыма і Мінерву[2] на каміннай паліцы.
— Ну, як маецеся, сэр? — сказаў ён містэру Домбі, — і як маецца мой маленькі сябра?
Урачыстым, як арган, быў голас доктара, а калі ён змоўк, вялікі гадзіннік у вестыбюлі (ва ўсякім выпадку, так здалося Полю) падхапіў яго словы і пачаў паўтараць: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?» Зноў і зноў, і зноў.
З тае прычыны, што маленькі сябра быў вельмі малы, каб можна было, разгледзець яго з-за кніг на стале, з таго месца, дзе сядзеў доктар, то доктар рабіў дарэмныя спробы ўбачыць яго з-за ножак стала; містэр Домбі, заўважыўшы гэта, вывеў доктара з цяжкага становішча: узяў на рукі Поля і пасадзіў яго на другі маленькі стол, насупраць доктара, пасярэдзіне пакоя.
— Так! — сказаў доктар, адкідваючыся на спінку крэсла і закладаючы руку за адварот фрака. — Цяпер я бачу майго маленьхага сябра. Як маецеся, мой маленькі сябра?
Гадзіннік у вестыбюлі не захацеў прызнаць гэту перамену ў абароце гутаркі і па-ранейшаму паўтараў: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?»
— Вельмі добра, дзякую вам, сэр, — абазваўся Поль, адказваючы і доктару і гадзінніку.
— Так! — сказаў доктар Блімбер. — Зробім з яго мужчыну?
— Вы чуеце, Поль? — дадаў містэр Домбі, бо Поль маўчаў.
— Зробім з яго мужчыну? — паўтарыў доктар.
— Я-б больш хацеў быць дзіцем, — адказаў Поль.
— Вось што! — сказаў доктар. — Чаму?
Хлопчык сядзеў на стале, пазіраючы на яго дзіўным поглядам, які выказваў прыгнечанае хваляванне, і горда пахлопваў адной рукой па калену, як быццам іменна тут накіпалі ў яго слёзы, а ён іх стрымліваў. Але другая яго рука ў той-жа час працягнулася ўбок, далёка, яшчэ далей, пакуль не абвілася вакол шыі Фларэнс. «Вось чаму», нібы гаварыла яна, а пасля напружаны твара змяніўся, знік; дрыжачая губа апусцілася, і паліліся слёзы.
— Місіс Піпчын, — нездаволеным тонам сказаў бацька, — дапраўды-ж, мне вельмі гэта непрыемна.