юных джэнтльменаў доктара, калі яны, у адрозненне ад ўсіх іншых юных джэнтльменаў, выходзілі на прагулку ў самых высокіх каўнярах і самых тугіх гальштуках. «Гэта было так класічна», гаварыла яна.
Што датычыць містэра Фідэра, бакалаўра[1] мастацтваў, памочніка доктара Блімбера, то гэта быў чалавек-шарманка, з маленькім рэпертуарам, які ён заўсёды выконваў зноў і зноў, без усякіх варыяцый. Юныя джэнтльмены не ведалі адпачынку, будучы ў пагоні за жорсткімі дзеясловамі, бязлітаснымі назоўнікамі, няўмольнымі сінтаксічнымі перыядамі і зданямі практыкаванняў, якія з’яўляліся да іх у сне. Пад уплывам сістэмы доктара Блімбера юны джэнтльмен звычайна траціў бадзёрасць праз тры тыдні. Усе цяжары свету абрушваліся на яго галаву праз тры месяцы. У яго пачыналі зараджацца горкія пачуцці да бацькоў або апекуноў праз чатыры; ён быў старым мізантропам[2] праз пяць; а к канцу першага года прыходзіў да вываду, якому ніколі ўжо не здраджваў, што ўсе мары паэтаў і вучэнні мудрацоў — набор слоў і граматычных правіл і ніякага іншага сэнсу не маюць.
Ля дзвярэй доктара спыніўся аднойчы Поль з дрыготкім сэрцам, трымаючыся правай ручкай за руку бацькі. Другая яго рука сціскала руку Фларэнс. Якім моцным быў поціск гэтай маленькай ручкі, і якім вялым і халодным — другой!
Місіс Піпчын лунала за спіною сваёй афяры, у траурным апярэнні і з кручкаватым носам, нібы злавесная птушка. Яна засаплася — бо містэр Домбі, напоўнены вялікімі думкамі, ішоў вельмі шпарка — і хрыпла каркала, чакаючы, калі адчыняць дзверы.
— Поль, — урачыста сказаў містэр Домбі, — вось шлях да таго, каб сапраўды стаць Домбі і Сынам і распараджацца грашыма. Вы ўжо амаль што мужчына.
— Амаль, — адазвалася дзіця.
Нават дзіцячае хваляванне не магло сцерці гэты хітры, дзіўны і, аднак, чуллівы погляд, якім суправаджаўся яго адказ.
Гэта выклікала няпэўны выраз нездаволенасці на твары містэра Домбі, але, калі дзверы адчыніліся, ён хутка знік.
— Доктар Блімбер, спадзяюся, дома? — запытаўся містэр Домбі.
Слуга адказаў сцвярджальна, а калі яны ўвайшлі, паглядзеў на Поля, нібы той быў мышанём, а дом — пасткай. Малады чалавек быў падслепаваты, з ледзь прыкметнымі адзнакамі ўсмешкі або першым яе пробліскам на твары. Гэта быў проста слабы розум, але місіс Піпчын учаўпла сабе ў галаву, што гэта нагласць, і адразу ў яго ўчапілася.