Усё гэта было вельмі прыемна і ўмела, але сістэма гвалтоўнага вырашчвання мела і свой адваротны бок. Не было належнага смаку ў скораспелых прадуктаў, і яны дрэнна захоўваліся. Мала таго, адзін юны джэнтльмен з распухлым носам і вельмі вялікай галавой у адзін цудоўны дзень раптам перастаў квітнець і астаўся ва ўстанове толькі ў выглядзе сцябла. Гаварылі, што доктар хваціў праз меру з маладым Тутсам і што ён страціў мазгі, калі ў яго пачалі прабівацца вусы.
Як-бы там ні было, малады Тутс жыў у доктара Блімбера; ён уладаў самым хрыпатым голасам і самым мізэрным розумам, упрыгожваў сабе кашулю шпількамі і насіў кальцо ў жылетнай кішэні, каб цішком адзяваць на мізінец, калі вучні выходзілі на прагулку.
Доктар быў самавіты джэнтльмен у чорным адзенні, з тасёмкамі ля кален і ў панчохах, якія даходзілі да кален. У яго была лысая галава, вельмі адпаліраваная, нізкі голас і такі двайны падбародак, што незразумела было, як ён ухітраўся выбрываць яго ў складках. Былі ў яго маленькія вочкі, заўсёды напоўзакрытыя, і рот, які заўсёды расплываўся ў поўусмешку, нібы ён паставіў хлапчука ў тупік пытаннем і чакае, што той сам сябе прызнае вінаватым.
У доктара быў надзвычай добры дом, які стаяў фасадам да мора. Дом унутры быў не вельмі вясёлы. Хмурыя з выгляду фіранкі, вельмі вузкія і несамавітыя, смутна хаваліся за вокнамі. Сталы і крэслы былі выстраены радамі, нібы лічбы ў арыфметычнай задачы; у парадных пакоях так рэдка палілі ў каміне, што яны нагадвалі калодзеж, а наведвальнік уяўляў сабою вядро; сталовая здавалася апошнім месцам на свеце, дзе можна было есці або піць; ні гуку не чутно было ў доме — толькі ціканне вялікага гадзінніка ў вестыбюлі, якое чулася нават на гары, а іншы раз глухое завыванне юных джэнтльменаў за вывучэннем лекцый, якое напамінала варкатанне табуна меланхалічных галубоў.
Ды і міс Блімбер, хоць яна і была стройнай і грацыёзнай дзевай, зусім не рабіла змякчаючага ўплыву на сур’ёзнасць дома. Неразумная лёгкадумнасць не была ўласціва міс Блімбер. Валасы яна стрыгла і завівала і насіла акуляры. Яна высахла і пакрылася пяском, раскапваючы магілы адмёршых моў. Вашы жывыя мовы не патрэбны міс Блімбер. Яны павінны быць мёртвымі, безнадзейна мёртвымі, а тады міс Блімбер выкапае іх, як вампір.
Яе матуля, місіс Блімбер, не была вучонай, але прытваралася такой, і атрымлівалася ніколькі не горш. На вечарынках яна гаварыла, што, здаецца, памерла-б спакойна, калі-б магла пазнаёміцца з Цыцэронам[1]. Нязменнай для яе радасцю было бачыць
- ↑ Цыцэрон — праслаўлены рымскі прамоўца, філосаф і дзяржаўны дзеяч, які жыў у І ст. да н. э.