Містэр Домбі нахіліў галаву з задаволеным выглядам патрона, які адчувае, што якраз за гэта ён і плаціць пэўную суму кожныя тры месяцы. Памаўчаўшы, ён прадаўжаў:
— Місіс Піпчын, я ўзяў на сябе смеласць з’явіцца да вас, каб параіцца наконт сына. Я даўно ўжо збіраўся гэта зрабіць, але з дня на дзень адкладваў, пакуль здароўе яго не паправіцца канчаткова. Спадзяюся, што на гэты конт у вас няма ніякіх апасак, місіс Піпчын?
— Брайтон аказаў вельмі добратворнае дзеянне, сэр, — адказала місіс Піпчын. — Так, вельмі добратворнае.
— Я маю намер, — сказаў містэр Домбі, — пакінуць яго ў Брайтоне.
Місіс Піпчын пацёрла рукі і ўтаропілася сваімі шэрымі вачыма на агонь.
— Але, — прадаўжаў містэр Домбі, выцягнуўшы ўказальны палец, — але магчыма, што цяпер адбудзецца змена і ён будзе тут жыць іначай. Карацей кажучы, місіс Піпчын, такая мэта майго наведвання. Мой сын расце, місіс Піпчын. Ён бясспрэчна расце.
Было нешта меланхалічнае ў тым урачыстым выглядзе, з якім сказаў гэта містэр Домбі. Гэты выгляд паказваў, якім доўгім было для яго дзяцінства Поля і як ён спадзяваўся на больш познюю стадыю яго існавання.
— Яму шэсць год! — сказаў містэр Домбі, папраўляючы гальштук, магчыма, з мэтай захаваць нястрымную ўсмешку, якая, ні на секунду не асвятліўшы яго твара, здавалася, толькі прамільгнула па паверхні і схавалася, не знайшоўшы для сябе месцечка. — Божа мой, ды мы-ж і азірнуцца не паспеем, як шэсць ператворацца ў шаснаццаць.
— Дзесяць год, — пракаркала бязлітасная Піпчын, холадна бліснуўшы жорсткімі шэрымі вачыма і хмура паківаўшы схіленай галавой, — вялікі тэрмін.
— Гэта залежыць ад акалічнасцей, — запярэчыў містэр Домбі. — Як-бы там ні было, місіс Піпчын, майму сыну шэсць год, і, баюся, не прыходзіцца сумнявацца ў тым, што ў занятках сваіх ён адстаў ад многіх дзяцей свайго ўзросту. Але, місіс Піпчын, замест таго, каб адставаць ад сваіх равеснікаў, мой сын павінен іх апярэдзіць, далёка апярэдзіць. Яго чакае высокае становішча, якое яму належыць заняць. Няма нічога выпадковага або ненадзейнага ў будучай кар’еры майго сына. Жыццёвы яго шлях быў расчышчаны, падрыхтаваны і вызначаны да яго нараджэння. З адукацыяй такога маладога джэнтльмена марудзіць не варта. Не варта пакідаць яе незакончанай. Трэба заняцца ёю вельмі настойліва і сур’ёзна, місіс Піпчын.
— Што-ж, сэр, — сказала місіс Піпчын, — я ніяк не магу пярэчыць супроць гэтага.
— Я быў зусім упэўнены, місіс Піпчын, — з ухвалай заўважыў містэр Домбі, — што такая разважлівая асоба, як вы, не