перадаць прывітанне старому Солю, але містэр Домбі паклікаў яе і загадаў астацца ў пакоі.
— Няўжо вы ніколі не зробіцеся Домбі, мілае маё дзіця? — патэтычна дакорлівым тонам сказала місіс Чык.
— Дарагая цёця, — сказала Фларэнс, — не злуйцеся на мяне. Я так удзячна тату.
Яна падбегла-б да яго і абвіла-б рукамі яго шыю, калі-б адважылася; але яна не адважылася і толькі паглядала на яго ўдзячнымі вачыма, у той час як ён сядзеў, задумаўшыся, калі-нікалі кідаючы на яе трывожны позірк, але больш за ўсё сочачы за Полем, які прагульваўся па пакоі з пачуццём уласнай годнасці, якая з’явілася ў яго таму, што ён даў грошы маладому Гэю.
А малады Гэй Уолтэр — што сказаць аб ім?
Ён быў у захапленні ад таго, што ўсё ўладзіць і зробіць заўтра-ж да поўдня, будзе сядзець вечарам у малёнькай задняй гасцінай са старым Солем і капітанам Катлем, і інструментальны майстар зноў ажыве, набудзе надзеі на будучыню, пераканаўшыся, што Драўляны Мічман зноў зрабіўся яго ўласнасцю. Але трэба прызнаць, ніколькі не ганьбуючы яго ўдзячнасці да містэра Домбі, што Уолтэр адчуваў сябе прыніжаным і прыгнечаным.
Капітан бачыў гэта ў зусім іншым святле. Ён, здавалася, паверыў, што спатканне, пры якім ён прысутнічаў, было ў вышэйшай ступені здавальняючым і абнадзейваючым і ўсяго два-тры крокі аддзялялі яго ад фармальных заручын Фларэнс і Уолтэра, і што апошні інцыдэнт, калі і не канчаткова ўмацаваў уітынгтонаўскія надзеі, то ва ўсякім выпадку надзвычай ім спрыяў.
РАЗДЗЕЛ ХІ
Выступленне Поля на новай сцэне.
Арганізм місіс Піпчын быў зроблен з такога цвёрдага метала, не гледзячы на схільнасць яго да плоцкіх слабасцей, якія выклікалі патрэбу ў адпачынку пасля адбіўных катлет і якія вымагалі перад сном такога снатворнага сродку, як салодкае мяса, што ён зусім абвергнуў прадраканні місіс Уікем і не выяўляў ніякіх прызнакаў упадку. Але з тае прычыны, што вялікая зацікаўленасць Поля да старой лэдзі не змяншалася, місіс Уікем не жадала зрушыцца ні на дзюйм з занятай ёю пазіцыі. Умацаваўшыся і акапаўшыся на сваім участку з дапамогай Бетсі Джэйм, сваёй кузіны, яна па-сяброўску раіла міс Беры быць падрыхтаванай да горшага і папярэджвала, што цётка яе ў любы момант можа ўзляцець у паветра, як парахавы завод.
Бедная Беры паставілася да ўсяго гэтага добрадушна і, як заўсёды, працавала, не пакладаючы рук; зусім перакананая ў тым, што місіс Піпчын — адна з самых годных асоб на свеце, яна штодзённа афяроўвала сябе дзеля гэтай благароднай старой.